Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 140
Сергей Песецкий
Вера вялікімі вачыма глядзела яму ў твар.
— Дзіўна, што ты гэта гаворыш!
— Чаму?
— Ну, вораг палякаў, які ўвесь час зь імі змагаецца…
— Слухай, даражэнькая, найвялікшая цнота чалавека — справядлівасьць да іншых людзей. Навошта мне падманваць сябе? А калі мой праціўнік высакародны, то тым большы гонар для мяне зь ім змагацца.
— Як шкада, — прашаптала Вера.
— Чаго?
— Што людзям увесь час даводзіцца змагацца.
— Так. Шкада. Было б лепей, калі б яны змагаліся, здабываючы ляўры на іншай ніве. Што зробіш, усё гэта дае нам магчымасьць назапашваць досьвед і пераказваць яго наступным пакаленьням.
Яны пачалі апранацца. Вера больш прыязна глядзела на Рамана. У яе голасе зьявіліся цёплыя ноткі.
Апранаючыся, Раман выняў з кішэні ключ і паклаў яго на стол. Неўзабаве пасьля Вера выйшла ў калідор і папрасіла паставіць самавар. Потым яны пілі гарбату.
— Можа, хочаш каньяку? — спытала дзяўчына. — Вып’ем рэшту.
— Добра.
Вера выліла рэшту каньяку ў дзьве шклянкі, стараючыся, каб было роўна.
— Ну, а цяпер за што вып’ем? — спытала яна з усьмешкай.
Раман, уважліва і цёпла паглядаючы ёй у вочы, сказаў:
— Ведаеш, што: вып’ем за незвычайную рэч. Звычайныя ўжо абрыдлі. Вып’ем жа за пасьпяховае разьвіцьцё нашага супольнага ворага — Польшчы — я, намесьнік начальніка цімкавіцкага пагранатраду, таварыш Андрэй Дылія, і ты, «рабкор» «Трудовой Правды», таварыш Вера Радзінная!
Дзяўчына расьсьмяялася:
— Але ж ты вар’ят!
— Давай, па-вар’яцку!
Яны выпілі каньяк. Раман тлумачыў:
— Натуральна, я піў не за посьпехі польскіх буржуяў. Гэтых я гатовы ўласнаручна рэзаць дзень і ноч. А за разьвіцьцё польскага народу.
Калі пасьля гарбаты Вера прыбірала стол, Раман падышоў да яе партфеля, узяў фотаапарат і выняў зь яго шпульку з фотастужка. Падышоў да Веры і крануў яе за плячо.
— Табе трэба гэтая шпулька?
Дзяўчына, зьдзіўленая, глядзела на яго, а яе рука рэфлекторна апусьцілася ў кішэнь.
— Ну вядома! Я ж раблю здымкі для газэт.
— Я думаў, дасі мне яе на памяць.
— Што ж гэта за памятка? Я табе дам нешта іншае — яна ўзяла са стала вялікую «марскую» шпільку і дала яе Раману.
— Дзякуй, — сказаў Раман.
Неўзабаве яны разьвіталіся.
— Калі сустрэнемся? — спытала Вера.
— Мяркую, што больш не сустрэнемся, — сумна сказаў Раман, узіраючыся ёй у вочы. — А шкада!
— Чаму не сустрэнемся?
— Няма сэнсу.
— Ты ўвесь час неяк загадкава гаворыш!
— Бачыш, мая даражэнькая, рэч такая: мы абое працуем у адным кірунку… Так?
— ?
— Ну, для дабра пралетарыяту… Праўда?
— Натуральна.
— І ў нас няма шмат часу на асабістыя справы. Таму дзякуй табе вялікі за прыемна праведзены час, за добры каньяк, ад якога так выдатна сьпіцца, ну і за інфармацыю пра манэўры ў цягніку.
— Пра манэўры?!
— Так. Бо мяне ўсё цікавіць, але не на ўсё маю час. Зычу табе посьпеху ва ўсіх справах, вялікіх, дробных і найдрабнейшых.