Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 139

Сергей Песецкий

Яна расьсьмяялася амаль шчыра. Абняла яго і пацалавала.

— Аднак ты мілы.

— Чаму: аднак?

— Бо выглядаеш, як садыст.

— Што?!

— Ну, так. Паглядзі ў люстра.

— Першы раз такое чую… Я хачу табе нешта сказаць, Вера.

— Што?

— Кінь сваю працу. Шкада цябе. Ты занадта слабая для гэтага і відаць, што ўжо вельмі стомленая.

Яна прымружыла вочы і аблізала вусны.

— Якую працу кінуць? Што ты кажаш? Не разумею. Ты сёньня нейкі дзіўны!

— Ну, гэтую працу… Карэс-пан-дэн-ткі… Такое складанае слова!

— Гэта ж вельмі цікавая праца.

— Так. Гэта правільна. Вельмі цікавая!.. Але для жанчыны трохі неадпаведная.

Яны дапытліва разглядалі адно аднаго. Шукалі ў сабе сэнс словаў. Раман меў поўную перавагу і трохі бавіўся Верай, хоць ведаў, што мучыць яе. Ужо гэта быў довад пэўнага «садызму».

— А можа, я не жанчына? Ты ж яшчэ не пераканаўся!

Гэта гучала як выклік. А ў яе вачах ён чытаў і агіду, і трывогу, і цікаўнасьць. Яна хацела ўбачыць яго бяз маскі. Яна інстынктыўна адчувала ў ім нешта схаванае. Яна пачала цалаваць яго з удаванай жарсьцю.

— Я сапраўды не жанчына… Ах, якое ты яшчэ дзіця.

Яна зьняла зь сябе пад коўдрай брудную кашулю. Пазьней спыталася, нібы ў дрымоце:

— Ты ведаеш замежныя мовы?

— Не. А ты?

— Таксама не. Я ж руская, з Кіржача. А адукацыя ў мяне сьціплая. Бацька — рымар… Мне здавалася, што ты, калі спаў, гаварыў па-польску.

— Па-польску я часта гавару. У пагранатрадзе бывае шмат палякаў, і ў мяне ёсьць некалькі супрацоўнікаў, якія ведаюць гэтую мову.

— Я падумала, ты паляк.

— Не.

— А палякі сымпатычныя?

«Правярае мяне».

— Ня вельмі. Зрэшты, гэта нашы ворагі. Толькі гісторыя ў іх цудоўная. Я нядаўна чытаў.

— Чаму цудоўная?

— У ніводнага народу такой няма. Усё жыцьцё польскага народу — бесьперапыннае змаганьне. Шмат соцень гадоў змаганьня. Прычым змаганьня з мацнейшымі сіламі. І ня толькі дзеля саміх сябе, але і дзеля іншых народаў… А якія яны жывучыя! Столькі разоў гінулі і зноў паўставалі! Адраджаліся з крыві, з руінаў, жылі ў зарыве пажараў. Я ня ведаю прыгажэйшай гісторыі!

На шчоках Веры паказаўся румянак.

— Гэта вельмі цікава. Можа, раскажаш мне больш. Я ж дурненькая.

«Ты ведаеш гэта лепш за мяне».

— Доўга расказваць. Можа, дам табе калі-небудзь гэтую гісторыю. Прачытаеш сама — як казку. І дзіўна, што гэты народ не загінуў. Я спрабаваў зразумець прычыну гэтага і, здаецца, зразумеў.

— Ну?

— У часы найвялікшых паразаў даўней заўжды аднекуль даносілася песьня Багародзіцы. І яднала перасвараных магнатаў, а народ натхняла на звышчалавечую адвагу і самаадданасьць. Потым нарадзіўся надзвычай кароткі, лапідарны выказ галоўнай ідэі нацыі: «Польшча — гэта вялікая рэч!» І зноў гэтая ідэя ўсіх злучала, і зноў, прымушаючы забыць пра звады, кідала народ у змаганьне за паспалітае дабро. Потым нарадзілася іншая, дзіўная песьня, лёгкая, вясёлая, як душа гэтага народу рыцараў — мазурка Дамброўскага: «Яшчэ Польшча не загінула, пакуль мы жывём». А яна ж гінула. Канала ва ўласнай і чужой крыві. Пад гукі гэтай песьні, такой вясёлай і з такім страшным і магутным зьместам, у якой з роспачы ажывала найвялікшая сіла народу, горда ішлі на сьмерць палякі, каб упісаць цудоўныя старонкі ў сваю гісторыю!.. Карацей, калі чытаеш іх гісторыю, то бачыш, што гэта народ, які цягам усяго свайго існаваньня жыў у несупынным змаганьні, альбо за чужую, альбо за сваю свабоду. І таму ён варты найвялікшай пашаны, незалежна ад таго, як далей складзецца яго лёс!