Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 138

Сергей Песецкий

Яна села на ложак і паволі адсунула Рамана да сьцяны, каб зрабіць сабе месца. Цяпер яна ўжо не захоўвала асьцярожнасьці. Зрэшты, яна была ўпэўненая, што ён моцна сьпіць. У нейкі момант Раман гучна сказаў па-польску:

— Вялікі вам дзякуй.

Вера адскочыла назад. Зь яе вуснаў сарваліся польскія словы:

— Што вы сказалі?!

Яна хутка прыкрыла вусны далоньню, спалохаўшыся таго, што азвалася па-польску. Але Раман зрабіў выгляд, што гаворыць у сьне. Сказаў яшчэ гучней па-расейску:

— Пралетарыят зьмяце ўсе межы!

Вера прасьлізнула пад коўдру і ціха ляжала, але ня спала. Раман адчуў моцны пах яе поту.

«Мабыць, даўно ня мылася і ня мела магчымасьці зьмяніць бялізну».

Супакоены, ён сапраўды заснуў. А Вера ўсё ляжала з расплюшчанымі вачыма.

Раман абудзіўся рана. Ён заўжды абуджаўся зь яснай галавой, адразу ведаючы, дзе ён. Ён ціха падняўся і, абапёршыся на локаць, глядзеў на дзяўчыну, якая спала. У шэрым сьвятле золку яе твар выглядаў зеленаватым. На прыкрытых павеках і пад вачыма ляжалі глыбокія цені. Вусны склаліся ў хваравітую грымасу. Яна цяжка дыхала. Яе лоб быў вільготны ад поту. Пальцы рукі, што ляжала на коўдры, няспынна варушыліся. Край кашулі, які выбіўся з-пад коўдры, быў брудны. Яна падалася яму беднай, змучанай, прыбітай дзяўчынкай, якая, усхліпваючы, заснула пасьля нейкага прыкрага здарэньня.

«Звычайная дзяўчына. Паглядзець на яе — нічога не заўважыш. Нічым не адрозьніваецца ад іншых жанчын. Але дзесьці там у мазгах хаваецца яе сіла і воля, якія робяць яе тым, кім яна ёсьць насамрэч: адзінай істотай, абранай з сотні тысяч звычайных жанчын — прыгожых, слаўных, разумных… Адзінай… І ніхто ніколі пра гэта не даведаецца. Можа, яна і сама гэтага толкам не ўсьведамляе».

Твар Веры ў яго вачах пачаў прамянець дзіўнай сілай. Яна падалася яму проста дзівоснай.

«Сіла духу хаваецца ў кожным чалавеку, як выбуховы матэрыял у гранаце. І ніхто пра гэта ня ведае… Часам выбухае — і тады зьнішчае свайго носьбіта ці іншых і зьнікае назаўжды. А тут незразумелая рэч: праменіць, як сонечная энэргія, цягам усяго, доўгага ці кароткага, жыцьця. Калышацца, незаўважная, як касьмічныя промні. Інстынктыўна вызваляецца тады, калі трэба. І ніхто гэтага не зразумее. Хіба які актор ацэніць геніяльную гульню гэтай жанчыны, якая штодзень беспамылкова гуляе, бяз спробаў і суфлёра, новыя ролі? І ці зразумеюць псыхолягі гэтую натурыстую, велізарную волю, якая тоіцца ў чалавечай душы?»

…Слухай, Вера, ты сапраўды цудоўная!

Раптам ён праваліўся вачыма ў халодныя, рэзкія зрэнкі… Ён не пасьпеў надзець маску шпіёна, і дзяўчына ўбачыла ў ім штосьці страшнае. Яна пачала хваравіта ўсьміхацца, спрабуючы затушаваць свой дапытлівы позірк. Прамовіла нізкім, хрыплым голасам:

— Ты ўжо ня сьпіш?

— Як бачыш.

— Што ты на мяне так глядзіш?

— Бо… ты прыгожая.

— Не. Ты іначай глядзіш.

— Мне прысьнілася, што ты трапіла пад цягнік.

— І?

— І я так спалохаўся. Абудзіўся і ўбачыў, што ты жывая. Таму так і глядзеў. Я ж цябе вельмі люблю. Ня буду хлусіць, што кахаю, але павер, што сапраўды вельмі люблю.