Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 137
Сергей Песецкий
Калі Вера паслала пасьцель, Раман наблізіўся да яе і пачаў яе цалаваць. Потым ён сказаў:
— Ведаеш, што: калі ты ня хочаш каньяку, то я вып’ю і твой. Ты ня супраць?
— Ды не. Калі ласка.
— То за нашу першую ноч разам. А шлюб возьмем пры аказіі.
Дзяўчына расьсьмяялася. Раман выпіў каньяк да дна. «Хай будзе абсалютна ўпэўненая». Ён падышоў да Веры, абняў яе і сказаў:
— А на закуску пацалункі, гэта лепш за сьлівы.
Ён пацягнуўся.
— О, як хочацца спаць!
Сеў на ложак і пачаў здымаць боты. Рабіў выгляд, што гэта вельмі цяжка. Потым паваліўся ў адзежы на ложак і праз імгненьне зрабіў выгляд, што сьпіць.
«Лепей не разьдзявацца. Невядома, што яна хоча зрабіць. У адзеньні зброя, грошы, важныя дакумэнты».
Ён затуліў галаву плячом так, каб можна было назіраць ніжнюю частку пакою і постаць Веры. Пачаў гучна і роўна дыхаць. Дзяўчына не разьдзявалася. Насупраць, яна зноў нацягнула блюзку, запаліла папяросу і доўга сядзела за сталом. Потым прыкруціла лямпу і зьняла туфлі.
«Пачынаецца».
Вера паціху наблізілася да ложка. Раман зьвяртаў увагу перадусім на яе рукі і кішэнь, у якой ляжаў рэвальвэр. Яна доўга стаяла ля ложка, прыслухоўваючыся да яго подыху. Раман паварушыўся і сказаў:
— Мы змагаемся за будучыню пралетарыяту…
Дзяўчына адступіла. Сказала ціха:
— Андрэй, што ты гаворыш?
Ён маўчаў і «цяжка» дыхаў.
«Правярае… Рабі сваю справу… Я ўжо сплю».
— Андрэй!
Ціша.
Вера пайшла да століка ля сьцяны і пераставіла яго ў кут пакою. Потым выняла з партфеля вялікі электрычны ліхтарык, колькі аркушаў паперы і аловак. Узяла са стала пакінуты Раманам пачак дакумэнтаў. Пайшла ў кут. Азірнулася. Дастала загад «Рэвваенсавету» глаўверха Каменева і пайшла зь ім да століка. Потым выняла з кішэні браўнінг і зноў наблізілася да ложка.
«Ня стрэліць жа яна… Але няма сумневу: шпіёнка… Добрая прыгода… Знайшлі адзін аднаго… Яна палявала на мяне, а я на яе».
Вера вярнулася ў кут. Рэвальвэр яна паклала на стальніцу. Колькі разоў азіралася на Рамана. Ён, каб лепей бачыць, падняў плячо вышэй. Глядзеў на схіленую над сталом сьпіну дзяўчыны і, невядома, чаму, яму было шкада яе. Адначасова ён адчуваў да яе вялікую павагу.
«Шкада, што яна дарма стараецца. Гэта ж і так у нас будзе. А можа, яна з «Intelligence Service»? Працуе добра. Зрэшты, хай робіць. Ангельцам гэта таксама прыдасца. Добра, што найважнейшыя дакумэнты пры мне».
Вера, паслугуючыся рэфлектарам электрычнай лямпы, сьпехам рабіла копію загаду. Потым зрабіла копію яшчэ чагосьці з пакінутых Раманам на стале дакумэнтаў. Гэта заняло шмат часу. Потым дзяўчына ўпарадкавала дакумэнты, паклала іх на стол так, як яны ляжалі вечарам, і схавала ў партфель паперу і ліхтарык. Столік паставіла на месца.
«Я мог бы скрасьці ў яе гэта, калі яна засьне… Нашы будуць зьдзіўленыя, калі атрымаюць мой загад і яе копію таго ж загаду… Што ім прыйдзе ў галаву… Можа, што мы працуем разам?»
Вера, усё ўпарадкаваўшы, села на крэсла і закурыла папяросу. Раман бачыў яе твар у профіль. Яна прымружыла вочы і глядзела, задуменная, у клубы дыму. Раптам яна зірнула на Рамана — нібы адчуўшы яго погляд. Пагасіла папяросу і пачала разьдзявацца.