Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 136

Сергей Песецкий

Вера засьмяялася. Раману падалося, што яна сьмяецца няшчыра. Ён выбухнуў за яе гучным сьмехам і сунуў руку ў кішэнь па хустачку. Ключ пры гэтым руху перамясьціўся са стала ў кішэнь.

— Гэта вельмі сьмешна! — сказала Вера.

— Страшэнна сьмешна, — пацьвердзіў Раман і паглядзеў на вокны.

Ён пераканаўся, што яны добра зачыненыя.

«Крыкнуць праз акно не пасьпее, а дзьверы зачыненыя».

Ён хацеў зноў пасадзіць Веру сабе на калені. Аднак дзяўчына ўхілілася.

— Мне пачынае галава балець.

— Ня трэба так шмат курыць.

— Не ад гэтага. Зашмат сёньня працавала. Пісала артыкул для «Трудовой Правды».

— Прачытай мне яго.

— Ужо даслала… Так моцна галава баліць… трэба выпіць парашок…

Гэты раптоўны галаўны боль падаўся Раману падазроным, таму, робячы выгляд, што ён праглядае загад, ён уважліва сачыў кожны рух дзяўчыны. Потым падышоў да люстра і пачаў расчэсвацца. Яму добра было відаць яе ў люстры.

Вера наліла вады ў шклянку і, паглядаючы ў бок Рамана, нешта кінула ў другую шклянку. Раман заўважыў гэты жэст. Потым дзяўчына ўзяла манерку і наліла ў гэтую шклянку каньяку. Памяшала вадкасьць проста пальцам. Раман адвярнуўся ад люстра.

— Можа, вып’еш яшчэ каньяку? Карыстайся з аказіі, — весела сказала Вера.

Раман наблізіўся да стала і паглядзеў на шклянку. Яму падалося, што наверсе і па сьценках шклянкі зьявілася дробнае шумавіньне. Тады ён узяў манерку і наліў у другую шклянку столькі ж каньяку, колькі было ў першай.

— Добра. Вып’ем разам.

— Мне вельмі галава баліць. Потым будзе горш.

— Але ведаеш, Вера, піць без закускі неяк ня тое… Можа, у цябе ў торбе што ёсьць? Гэта ж твая скарбонка.

— Ёсьць сьлівы.

— Сьлівы дык сьлівы! Давай сюды!.. Па-буржуазнаму: вячэра, лікёр, каньяк, фрукты, а ўрэшце жанчына. Найсаладзейшы дэсэрт.

Раман устаў, нібы хочучы дапамагчы Веры дастаць сьлівы з партфеля, што ляжаў на крэсьле. Затуляючы целам стол і працягваючы гучна гаварыць, ён пераставіў шклянкі. Калі Вера выняла з партфеля скрутак, Раман узяў яго з рук дзяўчыны.

— Якія сакавітыя! Папросту персікі!.. Дык вып’ем!

«Хацела атруціць ці ўсоніць? Мабыць, другое». Вера дакранулася далоняй да галавы.

— Не, не магу. Не хачу потым хварэць.

— Ну, добра, вып’ю адзін. За маю дарагую, мілую, шчырую, зычлівую, каханую Веру!

Ён залпам выпіў каньяк і закусіў сьлівамі. Адначасова зважаў, якое ўражаньне гэта робіць на дзяўчыну.

«Калі хацела атруціць, то шпіён, калі толькі ўсоніць — чэкістка. Карэспандэнтка, халера, толькі ГПУ. Добра ж я ўляпаўся! Відаць, адчула, што я шпіён!»

— Застанься спаць у мяне, — сказала Вера.

— З найвялікшым нашым задавальненьнем і так далей. Мяркую, што разам…

— Ну так. Ложак жа толькі адзін.

— Разам, то «магём» і на ўмывальніку, і ў ваньне, і нават на падлозе… Я проста пачуваюся, як у раі!

«Не, гэта была не атрута, бо яна думае, што я адразу захачу спаць».

Ён пацягнуўся і пазяхнуў.

— Мне і праўда хочацца спаць.

Вера пачала слаць пасьцель, а Раман тым часам хадзіў каля стала. Пераставіў крэслы. У нейкі момант наліў каньяку з манеркі ў першую шклянку, а «падазроную» ўзяў са стала і хутка выліў яе зьмесьціва ў трубу самавара.