Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 135
Сергей Песецкий
Ён паказаў ёй загад галоўнакамандуючага ўсімі Узброенымі сіламі Рэспублікі, пад якім на першым месцы быў подпіс Каменева. Загад меў нумар 28. Раман назіраў, якое ўражаньне гэта зробіць на дзяўчыну.
Вера, з румянкам на шпаках, чытала зьмест загаду.
Адна яе далонь была сьціснутая ў кулак, другая нэрвова камечыла рог аркуша. Яна відавочна намагалася схаваць зацікаўленасьць. Спыталася:
— Можна гэта ўсё прачытаць? Гэта пачынае мяне вельмі цікавіць.
— Та-ак? Вельмі?
— Ну, натуральна. Я памылкова нарадзілася жанчынай. Павінна была быць мужчынам. Я так цікаўлюся гэтымі справамі.
— Гэта мне падабаецца. Чытай усё.
Калі Вера скончыла чытаць, Раман спытаў:
— А табе ўвогуле падабаецца праца шпіёна?
Нейкі час яна думала.
— Гэта… гэта вельмі цікава!.. Так незвычайна, трэба столькі энэргіі, трываласьці, валоданьня сабой.
— Так, — пацьвердзіў Раман, — і ўзнагароджаньне добрае. Можна езьдзіць за мяжу. Бачыць цікавыя рэчы, забаўляцца.
— Так, гэта цікава.
Вера сьціснула далоні і пару разоў скоса зірнула на Рамана. У нейкі момант яна сунула насавую хустку ў кішэнь спадніцы, а потым пачала шукаць яе пад сталом. Потым сказала: «Відаць, у куртцы». Падышла да вешалкі і дастала браўнінг. Паклала яго ў кішэнь, а хустачкай выцерла рукі.
— А што б ты зрабіла, Вера, калі б табе прапанавалі быць шпіёнам?
Яна ўважліва паглядзела яму ў вочы.
— Чыім шпіёнам, нашым?
— Не… іншай дзяржавы.
— Я б не згадзілася… Хаця… Зрэшты, ня ведаю. Як жа табе адказаць на такое пытаньне? Ты ж ловіш шпіёнаў.
— Гэта іншая рэч… Скажы шчыра. Ну?
— Сапраўды, ня ведаю. А ты б што зрабіў? — яна хутка зірнула яму ў вочы.
— Я?.. Залежыць ад шмат якіх абставінаў. Перадусім, ад таго, хто б мне гэта прапанаваў і… Ня ведаю…
— А навошта табе гэтыя дакумэнты? — спытала Вера.
— Аддам іх заўтра ў ГПУ, судоваму сьледчаму. Так ці інакш, аднаго шпіёна мы ўзялі. Праца робіцца. А гэта — довад супраць яго.
У нейкі момант Раман зацеміў дзіўную рэч. У яго была выдатна разьвітая назіральнасьць, што дазваляла яму заўважаць кожную зьмену ў сытуацыі. Вось жа, ён заўважыў, што кішэнь на спадніцы Веры трохі адцягваецца, а ўнізе выразна вырысоўваецца кут. Ён добра памятаў, што перад тым гэтага не было. Ён супаставіў гэтае назіраньне з тым, як Вера шукала хустку, як адыходзіла да вешалкі, і зрабіў выснову: рэвальвэр. Ён зрабіў выгляд поўнай бесклапотнасьці і надаў твару вясёлы выраз. Адразу ператварыўся ў дурнаватага, легкадумнага бальшавіка, які плявузгае, што яму на цям прыйдзе. А левая рука ўжо была ў кішэні на дзяржальне браўнінга. Ён цішком зьняў рэвальвэр з засьцерагальніка і ўважліва сачыў кожны рух Веры. Пачаў весела гаварыць:
— Ведаеш, які я нядаўна анэкдот чуў?.. Прыходзіць камсамолец у госьці да камсамольца і бачыць у яго на стале зубную шчотку. «Гэй, Ваня, — кажа, — і ты пачынаеш буржуазнай скурай абрастаць?» — «Чаму?» — «Зубную шчотку сабе купіў».
На гэтым месцы Раман накрыў далоньню ключ ад дзьвярэй, што ляжаў на стале.
— А Ваня на гэта адказвае па пунктах: «Па-першае, шчотка не мая. А, па-другое, я ёй карыстаюся, каб разьмешваць цукар у гарбаце».