Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 134
Сергей Песецкий
— Калі?
— Дваццаць сёмага.
— А як?
— Раскажу табе. Толькі гэта сакрэт.
— Можаш ува мне не сумнявацца.
— Карацей, зьвярнуўся да нас яго сувязны. Сказаў, што калі мы легалізуем яго ў Саветах і дамо яму працу, то ён выдасьць нам важнага польскага шпега. У выніку мы зрабілі на яго засаду.
— Дзе?
— Навошта табе дэталі? Важны сам сэнс. Карацей, зрабілі на яго засаду. Сувязны яго напаіў і паклаў спаць у адной вёсцы на памежжы. А мы прыйшлі і схапілі яго. Забралі ў яго зброю, дакумэнты, грошы, матэрыялы. Скажу табе, у яго былі цудоўныя дакумэнты. Калі б не сувязны, мы б ніколі яго не арыштавалі. Можаш сабе ўявіць: ён паўсюль езьдзіў як «уполномоченный» Штабу Заходняга фронту. Пачалі яго дапытваць. Ён толькі з нас сьмяяўся. Ні біцьцём яго не ўзялі, ні хітрасьцю, ні ветлівасьцю. Ён усё выдатна разумеў. Кажа: «Вам мяне не раскалоць! Такія, як я, не „сьпяваюць“. Я працаваў супраць вас ідэйна. Я люблю сваю Радзіму і зрабіў тое, што ўважаў за патрэбнае, а цяпер мне ўсё адно, што са мной будзе. Нічога добрага я ад вас не чакаю…» Ведаеш, Вера, ён у мяне сапраўды павагу выклікаў. І ня толькі ў мяне, ува ўсіх. Ён гаварыў нам, што мы гніль, што кожнага з нас можна перакупіць!.. Так гаварыў, што выглядаў не на абвінавачванага, а на судзьдзю. Адзін з нашых яго ўдарыў, а ён толькі ўсьміхнуўся: «Яшчэ адзін довад, што вы быдла! Як жа вас шанаваць, калі вы нават прынцыпаў сумленнай гульні ня ведаеце?» Мы пакінулі яго да заўтра. Паставілі моцную ахову. А ранкам прыбег узрушаны вартавы: «Шпіён памёр!» Пабеглі туды. Аказалася, ён уначы атруціўся. Напэўна, цыянідам калію. Мне яго вельмі шкада, бо ён сапраўды быў мужны хлопец. Я б яго адпусьціў, калі б мог… Як думаеш: добра зрабіў бы?
Вера дапытліва паглядзела Раману ў вочы:
— Ты мне цяпер падабаешся. Я люблю велікадушных людзей. Гэта найвялікшая вартасьць чалавека. Нават у ворагу трэба шанаваць адвагу і адданасьць.
— І я так думаю. Але нічога не паробіш. Сабачая ў мяне служба.
— А ты кінь яе.
— І што рабіць?
— Знойдзеш іншую.
— Ня так гэта лёгка.
— А калі я табе знайду?
— Якую?
— Пабачым. А як прозьвішча таго шпіёна?
— Ты надта шмат хочаш ведаць… Але скажу табе: Раман Забава.
Вера паглядзела яму ў вочы і хутка сказала:
— Ня можа быць!
— Чаму? Можа, ты яго ведаеш?
— Не. Толькі чула.
— Дзе?
— Ад знаёмых з ГПУ. Як ён выглядаў?
— Як ён выглядаў, — паўтарыў Раман і, гледзячы ёй у вочы, пачаў гаварыць: — Высокі, худы, цёмны шатэн, вочы шэрыя.
— А што стала з сувязным? Уладкавалі вы яго на працу?
— А як жа ж, — іранічна адказаў Раман, — уладкавалі. У ГПУ.
— Агентам?
— Не. У камеру. Калі мог здрадзіць сваім, то здрадзіць і нам. Здае, каго толькі можа, пакуль мы яго не здамо.
Задумаўшыся на імгненьне, Раман устаў і выняў з кішэні шыняля пачак папераў.
— Ты ўмееш маўчаць? — спытаў ён Веру.
— Ты яшчэ сумняваешся?
— Ну, добра. Я пакажу табе нешта цікавае.
Ён разгарнуў паперу і дастаў з пачка адзін загад:
— Бачыш, што было ў таго шпіёна? Добрыя ж ён здабываў матэрыялы! І хіба ж ён ня меў рацыі, што кожнага тут можна купіць? Гэты загад, напрыклад, строга сакрэтны. Глядзі!