Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 133
Сергей Песецкий
Заспаная пакаёўка прынесла самавар і амаль кінула яго на стальніцу — нібыта апёкшы рукі. Не паглядаючы на прысутных, павярнулася і выйшла, грымнуўшы дзьвярыма. Вера адкрыла партфель і выняла зь яго гарбату і цукар у кубіках:
— Гарбата ў мяне выдатная. З Масквы прывезла. З крамы для замежнікаў.
— Найлепшая гарбата ў ГПУ, — сказаў Раман.
Вера бліснула на яго вачыма і ўсьміхнулася.
— Гатэль таксама.
— Ды і папяросы першаклясныя, — працягваў Раман, — толькі іх цана ікаецца.
Яны пачалі піць гарбату. Размаўлялі пра палітыку Саветаў і перастаноўкі на найвышэйшых пасадах. Раман наўмысна ўсё больш непрыязна выказваўся пра савецкую ўладу. Пачаў апавядаць Веры розныя рэчы, што кампрамэтавалі правадыроў. Апавядаў, як насамрэч жывуць грамадзяне буржуазных краінаў. Ён гаварыў спакойна, нібы абыякава, спраўджваючы час ад часу, якое ўражаньне яго словы робяць на Веру. Аднак яна не супярэчыла яму, хоць сама гаварыла вельмі стрымана. Затое паводзіла сябе ўсё больш какетліва. Часта падыходзіла да люстра, выпінаючы грудзі, папраўляла валасы, трошкі расшпіліла блюзку, паказваючы глыбокі выраз станіка.
У пэўны момант яна спытала:
— А можа, хочаш каньяку да гарбаты?
— У цябе ёсьць?
— Ёсьць трохі.
— Дык давай! Мы яго і без гарбаты…
Вера выняла з партфеля пляскатую алюмініевую манерку. Раман дасьведчаным вокам канстатаваў: нямецкая. Каньяк быў добрага гатунку. Яны пілі яго па чарзе з адной шклянкі. Раман падышоў да дзьвярэй і зачыніў іх на ключ. Патлумачыў:
— Яшчэ зойдзе хтось, а тут такая папойка!
Вера расьсьмяялася. Падышла да яго і пачала паказваць яму апошні нумар «Кракадзіла». Чытала нейкі сатырычны верш, увесь час перапынялася і, зблізу зазіраючы Раману ў вочы, хітравата ўсьміхалася. Раман абняў яе за талію і пасадзіў сабе на калені.
Яна зрабіла строгія вочы.
— Што гэта значыць!
— «Змычка» прэсы з арміяй, — расьсьмяяўся Раман.
— Які ты дасьціпны!
— І прадпрымальны. Што? — сьмяяўся Раман.
Яна закрыла яму вусны далоньню. Спытала:
— Скажы, адкуль ты так добра ведаеш, як жывуць буржуі за мяжой?
— Я ж служу ў пагранатрадзе. У нас увесь час перабежчыкі адтуль… Ёсьць замежная прэса… Раскажу табе, як арыштавалі нядаўна польскага шпіёна.
Раман адчуў, што дзяўчына здрыганулася. Аднак адразу патлумачыла:
— Мне трохі халодна. Вазьму шаль.
Ён пачуў у яе голасе варожую, халодную нотку. Праз імгненьне яна вярнулася і, захінаючыся шалем, сама села яму на калені. Раман пачаў цалаваць і песьціць яе. Яна не супраціўлялася, нават сама цалавала яго, але калі ён занёс яе на ложак, сказала сур’ёзна:
— Гэта, Андрэю, нельга.
— Чаму?
— Ты разумны хлопец і павінен разумець, што трэба, каб ня толькі ты хацеў, але і я. Мне было б прыкра прымушаць сябе, а я цяпер адчуваю да гэтага агіду. Пачакай. Можа, пазьней. Лепей раскажы пра таго шпіёна, я цябе перарвала.
— Значыць, арыштавалі мы польскага шпіёна.