Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 132
Сергей Песецкий
Бяз чвэрці дзявятая. Раман прыйшоў на прызначанае спатканьне ў Губэрнатарскі сад. І цяпер — як у мінулым годзе — тут было пуста. Дождж, што ішоў з ранку, адпудзіў аматараў прагулянак. Галоўнай алеяй час ад часу праплывалі цёмныя постаці мінакоў.
Раман не пайшоў адразу на прызначанае месца сустрэчы. Хоць у яго не было падставаў сьцерагчыся Веры, аднак ён з прывычкі быў асьцярожны. Ён увайшоў у сад з вуліцы Вясёлай побач з «трэкам». Потым знайшоў зручны пункт, зь якога можна было назіраць месца над берагам Сьвіслачы, між «Рэнэсансам» і мостам да вуліцы Падгорнай. Знайшоў добра схаваную ў цені дрэваў лаўку. Крысом шыняля выцер зь яе ваду. Наставіў каўнер шыняля, сеў і чакаў. Вецер страсаў зьверху, з мокрых, бліскучых лісьцяў кроплі вады. Дождж прыцямняў сьвятло матавых ліхтароў, што танчылі на сталёвых тросах. Плёскаліся хвалі ракі. Наўкола панавалі пустэча і смутак.
Мінула дзявятая гадзіна. Раман усё чакаў. Толькі каля паловы на дзясятую ён убачыў жанчыну, якая шпарка ішла мостам ад «Рэнэсансу». Яна хапатліва ўвайшла ў алею і разгледзелася. Раман не сьпяшаўся ісьці да яе, хоць здалёк пазнаў, што гэта Вера. Ён працягваў назіраць алею, берагі ракі, мост. «А можа, там хтосьці хаваецца?» Ён увесь час асьцерагаўся, што на яго могуць зладзіць засаду.
Вера дайшла да паловы алеі. Потым разьвярнулася. Спынілася каля мосту. Дастала з пачка папяросу і закурыла. Яна курыла хутка, нэрвова. Раман падышоў да яе:
— Вы вельмі спазьніліся! — сказала Вера з папрокам.
Аднак Раман хацеў захаваць «ты», якім яны карысталіся пры канцы падарожжа.
— Не. Гэта ты так спазьнілася. Я чакаў амаль гадзіну.
Вера зірнула на гадзіньнік на руцэ.
— Дваццаць пяць на дзясятую.
— Я прыйшоў бяз чвэрці дзявятая.
— Я не магла раней. Была ў знаёмых. Мяне затрымалі.
— Можа, пойдзем кудысь? Мокнуць тут пад дажджом ня надта прыемна.
— Добра. Можам пайсьці да мяне. Я жыву ў гатэлі «Парыж».
Раман згадзіўся, і яны досыць хутка пайшлі ў цэнтар. Па дарозе Раман абдумваў, як пачаць патрэбную яму размову. Яму прыходзілі ў галаву некалькі варыянтаў, але ўсе былі туманныя. Урэшце ён пастанавіў, што будзе дзейнічаць у залежнасьці ад абставінаў.
У гатэлі Вера загадала пакаёўцы паставіць самавар і выйшла ў калідор. Яна займала нумар, у якім вокны выходзілі на вуліцу. Раман вызірнуў у акно і ўбачыў бліскучую ад дажджу дарогу і мінакоў, што хутка ішлі ходнікам. На процілеглым краі вуліцы даўней была кандытарская Вянгжэцкага.
Калі Вера выйшла ў калідор, Раман агледзеў пакой. Ён быў вельмі занядбаны. Люстра ў плямах, коўдра брудная, пасьцельная бялізна шэрая, стальніца падрапаная, паўсюль пыл. Раман падышоў да вешалкі і праверыў кішэні скураной курткі Веры. У адной зь іх ён знайшоў два лісты, адрасаваныя ёй, два вайсковыя выданьні, плян Менску. У другой кішэні быў рэвальвэр і запасны магазін. Ён хацеў адкрыць партфель, але пачуў крокі ў калідоры.
Вера вярнулася. Раман добра яе разгледзеў. Яна была сярэдняга росту, худая. Рухі яе былі хуткія, нэрвовыя. Валасы сьветлыя, з рудаватым адценьнем, каротка пастрыжаныя. Вочы шэрыя, бровы цёмныя, вусны вялікія, але з прыгожым абрысам. Яна часта закусвала зубамі ніжнюю губу. Вочы глядзелі з штучнай весялосьцю, але часам ён лавіў у іх халодны бліск.