Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 130
Сергей Песецкий
«Як добра, што я ня стрэліў! Бо тое зло, якое ён можа зрабіць, можа, і ня зробіцца. Можа, гэтых хвілін яму хопіць на усё жыцьцё».
Я чытаў, што бываюць караблі-здані. Зь якойсьці прычыны на іх загінула ўся каманда, і плаваюць мёртвыя карпусы, якія носіць хвалямі па марах і акіянах. Часам яны разьбіваюць іншыя караблі і так дзіўна пры гэтым паводзяць сябе, што здаецца, нібыта імі кіруе нечая рука. Калі я думаю пра Харэўскага, то ён здаецца мне такім вось караблём-зданьню. У ім памерла тое, што складае вартасьць жыцьця чалавека, і застаўся толькі каркас, які носіць па хвалях акіяну бальшавіцкіх злачынстваў. Ён разбурае перашкоды на сваім шляху і помсьціць за сваю крыўду, без надзеі зраўнаваць рахунак. Бо за такую крыўду, якую зрабілі яму, нічым нельга заплаціць. А колькі ж такіх караблёў-зданяў у Саветах! Толькі ня ўсе яны такія ж сьмелыя і рашучыя. Бальшыня разьбіваецца аб скалы і гіне. І я такі самы карабель-здань. Няма ў маім жыцьці ніякай мэты, аднак я не магу пагадзіцца з тым, каб подласьць перамагала і атачала сябе арэолам.
Дзесьці я чытаў, што сапраўдная свабода будзе панаваць тады, калі будзе ўсё адно, жыць ці ня жыць. Можа, са мной гэта ўжо адбылося, бо жыцьцё ці сьмерць — мне сапраўды ўжо абыякава, і я адчуваю, што я па-за межамі жыцьця.
У Польшчы мне часта надараецца размаўляць з рознымі людзьмі, якія распытваюць мяне пра жыцьцё ў Саветах. Часта гэта бываюць вельмі інтэлігентныя людзі, таму я ім апавядаю. Я кажу толькі праўду. І заўжды зь зьдзіўленьнем заўважаю, што яны мне ня вераць. Яны заўжды думаюць, што я перабольшваю, што ілгу. Перадусім яны так думаюць таму, што я — агент выведкі. Потым, таму, што я — праціўнік бальшавіцкага ладу. А я ж не расказваю ім нават дробнай часткі тых жахаў, якія дзеюцца ў Бальшавіччыне. Мяне гэта зьдзіўляе. Няўжо ім, каб паверыць, трэба самім туды паехаць і на сваёй скуры гэта спраўдзіць?.. Я ведаю, што ўсё выйдзе на яву, што гісторыя раскрые людзям вочы на ўсе гэтыя злачынствы. Што псыхолягі будуць зьдзіўляцца, да якой агіднасьці могуць дайсьці простыя людзі і як яны здольныя яе маскаваць. І будуць зьдзіўляцца неверагоднаму асьляпленьню людзей Захаду, якія — нават найразумнейшыя — расцэньваюць тое, што адбываецца ў Саветах, за заснаваньне камунізму, а не за разгул агідных пачвараў і садыстаў, што зьдзекуюцца з найцярплівейшага народу сьвету.
Цяпер, калі мяне пытаюць пра Саветы, кажучы: «Ну, як там вашы бальшавікі?», я часта адказваю так: «Саступаю іх вам». А калі заўважаю ў загадзя адпаведна настроенага суразмоўцы іранічна-скептычную ўсьмешку на твары, то пачынаю сапраўды выдумляць. Напрыклад, учора надарылася мне размаўляць з адным панам, які — як я ведаў — пачынае патроху камунізавацца. Захацелася яму авацыяў, прамоваў, прыёмаў, фатаграфіяў у прэсе, магчымасьці кіраваць у будучыні тысячамі, і ён павярнуў налева — можа, у недалёкай будучыні і карак скруціць. Калі ён мяне спытаў: «Як там ідуць справы ў Саветах?», я адказаў: «Вельмі добра!» І пачаў яму расказваць тое, што бальшавіцкія агітатары кажуць нашым рабочым. Ён цалкам мне паверыў. Я пачаў неймаверна перабольшваць. Ён таксама паверыў. Урэшце, я расказаў яму пра вынікі апытаньня сярод 500 дзяцей з адной школы ў Маскве. Анкета была на тэму: «Кім ты хочаш быць па заканчэньні навучаньня?» Бальшыня адказвала: камісарам, славутым лётчыкам, акторам, інжынерам, пісьменьнікам, мастаком, музыкантам… Я сказаў, што гэта сьведчыць пра сьвядомасьць моладзі і імкненьне да плённай дзейнасьці на карысьць Саюзу. Ён з запалам гэта пацьвердзіў. Калі ён сапраўды разумны чалавек, то павінен палічыць мяне дурнем. Апытаньне гэтае сьведчыць хутчэй пра тое, што моладзь прагне любой цаною паправіць свой быт і здабыць становішча, што яна пагарджае пралетарыятам, што яна ня мае класавай сьвядомасьці. Калі ва ўзорнай савецкай школе з 500 дзяцей ніхто не захацеў быць рабочым ці земляробам, гэта фатальна! Проста страшна! Матэрыялізм прасякнуў да мозгу касьцей… Тым часам я ня раз чуў, як буржуазнае дзіця марыць, што будзе фурманом, шофэрам, мэханікам, салдатам, пажарным. Яго папросту вабіць цікавая дзейнасьць у гэтай прафэсіі. А пралетарскімі дзецьмі кіруе жаданьне ўлады, бліску, спажываньня. Бескарысьлівасьці ані каліва. Расьце пакаленьне акулаў, гатовых на ўсё, каб толькі забясьпечыць сабе славу, дабрабыт і ўзьнесьціся па-над масай. Зрэшты, гэта адзіны спосаб унікнуць страшнай тутэйшай нядолі і паняверкі. Розум дыктуе ім: у будучыні ёсьць толькі дзьве дарогі — быць альбо гаспадаром, альбо рабом. Вось яны і рвуцца да панаваньня.