Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 129

Сергей Песецкий

Марозаву грошай на паездку ў Маскву я ня даў. Лепш было б зрабіць гэтую справу зь Верай. Яго шанцы здабыць копію праекту загаду пра рэарганізацыю вельмі сумнеўныя. А Вера бачыла копію і нават ведае нумар загаду.

Значыць, яна, магчыма, хутчэй здолела б зрабіць для мяне копію ці сфатаграфаваць яго. Я сустрэўся зь ёй 1 верасьня ў Губэрнатарскім садзе. Другі раз гэты сад!.. І адразу гэты выраз абудзіў ува мне думкі пра «Сад пакутаў» і Лізку… Як гэта балюча! І няма гэтаму канца, няма выйсьця. Усё нагадвае мне пра яе: усьмешкі жанчын, падобная постаць ці валасы. А начамі бяссоньне. Калі ж гэта ўрэшце скончыцца! Можа, разам з жыцьцём?.. Маім дурным жыцьцём, зь якога я нічога для сябе ня маю, апроч нягодаў і непакою. Але я ведаю, што калі б я гэта кінуў, было б яшчэ горш. Я б ня вытрымаў сам з сабою… І ўвесь час гэтыя думкі пра самаіубства. Каб хутчэй ужо трапіла ў мяне куля, бо я больш не чакаю ад жыцьця нічога цікавага і нішто не дае мне такіх эмоцыяў, якія я перажыў.

Часам я бачу дзіўныя рэчы — нават наяве і без какаіну. Калі апошні раз ішоў з Саветаў, на золку давялося перайсьці непадалёк ад мяжы зь лесу ў лес. Беспасярэдняй небясьпекі не было, таму я ў задуменьні ішоў полем. Пайшоў сьцяжынкай, што вяла між колькімі поўным дажджавой вады равамі. Можа, калісьці там капалі гліну ці пясок. Збоку ішла доўгая паласа ядлоўца. Раптам я пачуў нейкі шум. Паглядзеў налева. Убачыў вялізнага селяніна, які басанож бег па ржышчы. У руках у яго быў тоўсты кол. Ён стрымгалоў імчаў на мяне. Я адразу зразумеў, што ён мяркуе, што я кантрабандыст, бо я іду не дарогай, а прашмыгваю зь лесу ў лес. Я падпусьціў яго блізка. Спыніўся. Калі я павярнуўся да яго, селянін убачыў на аколку маёй шапкі чырвоную зорку і спыніўся, разгублены. У яго была вялікая ўскудлачаная галава і рудаватая барада. Вочы яго лёталі па мне — нібыта мяне абмацвалі.

— Чаго ты хочаш? — спытаў я яго.

— Я думаў, гэта кантрабандыст.

— А калі б быў кантрабандыст, то што?.. Засунуў бы яго, забраўшы рэчы, у гэты роў?

Вочы яго бегалі.

— Не, таварыш.

— А што б ты зрабіў?

— Завёў бы на «пост».

— Ага! Ну хадзем на «пост». Кол кінь!

Я завёў яго ў лес. Вузкай стужкаю дрэваў мы перайшлі на другі бок. Там я зноў паглядзеў яму ў вочы. Ён быў вельмі спалоханы. Сьмярдзеў потам.

— Што ты мне яшчэ скажаш? — спытаў я яго.

Ён маўчаў. Толькі твар яго пашарэў і горла сутаргава рухалася, нібы ён душыўся сьлінай. За яго сьпінай узыходзіла сонца. Я загадаў яму павярнуцца назад. Сказаў:

— Глядзі на сонца! Можа, бачыш яго апошні раз? Ён глядзеў.

— А ты ведаеш, што калі б ты забіў кантрабандыста за трохі тавару, то ён ужо ніколі сонца ня ўбачыў бы?

Ён не адказваў, толькі цяжка дыхаў. Мабыць, думаў, што я яго зараз заб’ю. Я сапраўды меў такі намер. Я меркаваў, што ён ужо не аднаго чалавека загубіў. Ён жа быў волат. А той кол у яго руках — зброя забойства.

Я загадаў яму ісьці сьцежкай. Ён рушыў не адразу. Калі ён пайшоў, я абапёр рулю парабэлюма на сагнутым перадплеччы і ўзяў на прыцэл ніз яго чэрапа — чэкісты ў гэтае месца страляюць з нагана… Я праводзіў яго паглядам прымружанага вока. Раптам мне здалося, што селянін усё расьце… што ён крадзецца да сонца, якое ўстае адразу за дрэвамі… што хоча схапіць яго… Потым я ўбачыў, што чалавека няма… што наперад ідзе шкілет — скрыўлены, пачварны… Я апусьціў зброю і ўбачыў за 10 крокаў ад мяне гэтага селяніна. Уздыхнуў.