Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 128

Сергей Песецкий

Раман зьбіраўся сысьці з падворку. Ён ужо быў ля весьніцаў. Але раптам вярнуўся і ўвайшоў у сенцы. Пасьвяціў ліхтаром. Знайшоў дзьверы. Увайшоў у цёмны пакой ад вуліцы. Убачыў у нізкай пярэгародцы прыадчыненыя дзьверы. Там было сьветла і адтуль даляталі жаночыя стогны, сапеньне разьюшанага мужчыны і гук удараў.

Раман стаяў у дзьвярах. Ён убачыў каржакаватага мужчыну гадоў 40, які, стоячы сьпінай да яго, біў палкай жанчыну, што ляжала на падлозе. На ёй былі толькі кашуля і панчохі. Левая рука была закручаная за сьпіну — мужчына яе трымаў. Правай рукой яна закрывала ад удараў галаву. Адна панчоха ссунулася аж на ступню. Кашуля была парваная і ў плямах крыві. На целе ў шмат якіх месцах было відаць чорныя пісягі ад удараў. Мужчына ашалела біў:

— А, вось табе! Вось табе! Вось табе!

Удары сыпаліся на сьпіну, на бакі, на рукі. Пры кожным удары цела жанчыны канвульсійна ўздрыгвала, і яна ўжо не крычала, а выла глухім, зьвярыным голасам, што перарываўся хрыпеньнем.

— Досыць, — сказаў Раман.

Мужчына імгненна павярнуўся. Раман убачыў чырвоны, скрыўлены твар, сьлінявыя вусны і вочы, што гарэлі з-пад густых броваў. Яны мерылі адзін аднаго паглядамі. Мужчына цяжка дыхаў. Ён быў стомлены біцьцём. Жанчына распрасталася на падлозе, толькі яе сьпіна торгалася. Раман убачыў, што яе правая далонь упала на падлогу і рухалася па дошках, пакідаючы цёмны крывавы сьлед.

— За што гэта? — спытаў Раман.

Адказу не было.

— За што ты яе біў?

Твар мужчыны набрыняў крывёй. У вачах загарэлася злосьць. Было відаць, што ён хоча кінуцца на Рамана. Раман паволі, спакойна выняў рэвальвэр. Амаль адразу твар мужчыны пачаў бялець.

— За што ты яе біў?

— Бо… бо… заслужыла…

— Хто гэта? Твая жонка? Сястра?

Ён усьміхнуўся і пагардліва патлумачыў:

— Курва.

— І не дала табе грошай?

— Дала.

— Але мала? Што?

— Ну, так.

— А як думаеш: калі пазбавіш яе здароўя і зьнявечыш, яна больш заробіць?

— Будзе другая.

— Будзе другая?

— Будзе.

— І яе таксама будзеш біць?

— Зь імі іначай нельга.

Раман зрабіў крок да яго.

— Не. Больш ня будзеш біць. Кінь палку і выходзь на двор.

Мужчына марудзіў.

— Ідзі, бо вывяду!

Раман уважліва сачыў за кожным рухам чалавека, што касавурыўся на яго. Прапусьціў яго ў сенцы і вывеў на вуліцу. Яны моўчкі ішлі цёмнымі завулкамі. Раман ззаду паказваў дарогу: направа! налева! проста!

Выйшлі за горад.

Патанулі ў цемры.

Той ночы на ўскраінах Менску гучала шмат стрэлаў. Магчыма, рэха аднаго зь іх праплыло і над Серабранкай.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Берасьце, 26 жніўня 1923 г.

Быў у цёткі Вацлава Станельскага. Даў ёй 100 рублёў золатам — палову таго, што дастаў з пляшкі. Кабета вельмі ўсьцешылася. Гэта невялікія грошы, але яна даўно лічыла іх страчанымі.

Вацлаў Станельскі пачынае мне не падабацца. Я зрабіў за яго заданьне, але паловы належных мне грошай не атрымаў. Справа зусім ня ў іх, але я не люблю, калі мяне падманваюць. Ён мог бы шчыра папрасіць у мяне тыя грошы, і я б ахвотна яму даў. Аднак я ўзяў у яго наступнае заданьне. Выпрабую яго да канца. Ён вельмі выбачаўся і абяцаў, што неўзабаве ўсё ўрэгулюе. Пабачу. Хоць я перакананы, што ён і гэтым разам паспрабуе адкруціцца. А потым будзе цешыцца, што ашукаў мяне.