Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 127
Сергей Песецкий
Люба сумна глядзела ў акно. Праз імгненьне яна сказала ціха, сонна:
— А я склала новую песеньку. Вясёлую. Зараз напяю вам:
Яна сьпявала гэта слабым, перарывістым голасам. Мэлёдыя была сапраўды вясёлая. Тэмп жывы. Але тым страшнейшы быў сэнс словаў. Раман падумаў, што гэта, магчыма, апошняя песенька Любы. Ён запісаў яе. Дзяўчына, ўсьцешылася:
— Вам падабаецца?.. Толькі нікому яе не сьпявайце, бо яна мая. Я для сябе яе сьпяваю. Добра было б пайсьці ранкам басанож па расе, у лёгкай сукенцы, і сьпяваць… Я вельмі люблю лугі і сонца. Там так шмат паветра.
З
Вечарам Раман пайшоў у Серабранку. Знайшоў апісаны цёткай Станельскага дом. Зайшоў на падворак. Дом падзяляўся на дзьве часткі. У левай было цёмна, у правай, ззаду, гарэла сьвятло. Раман наблізіўся да акна. Яно было шчыльна завешанае зь сярэдзіны. Пачулася запальчывая размова:
— Кажу табе, ён даў толькі 10 000.
— За гадзіну 10 000?!
— Сказаў, што больш няма.
— Ілжэш, халера! Ён быў у добрым паліто. Кажу табе, давай усё, бо будзе кепска!
— Ванечка, клянуся табе!
— Давай грошы!
— Ванечка, мне есьці няма чаго.
— Давай грошы!
Раман зразумеў, што гэта разьлікі сутэнэра з прастытуткай. Ён пайшоў у глыбіню саду. У ім было ўсяго некалькі дзясяткаў дрэваў. Паводле пляну, трэба было ісьці цэнтральнай сьцежкай да ўслончыка. За ўслончыкам была яблыня, і ад яе трэба было зрабіць тры крокі проста. Там была схаваная пляшка з грашыма.
Ён ня мог карыстацца ліхтаром, бо баяўся прыцягнуць нечую ўвагу. Таму ў цемры знайшоў першую за ўслончыкам яблыню і адмераў ад яе тры крокі. Пачаў капаць штылетам рыхлую зямлю. Дарма што ён перакапаў вялікі пляц, нічога не знайшоў. Задумаўся над гэтым. Падумаў, што яго не маглі ўвесьці ў зман. Гэта ня мела ніякага сэнсу.
Вярнуўся да ўслончыка, сеў на яго і пачаў успамінаць словы цёткі Станельскага: «Адразу за ўслончыкам будзе яблыня, а за яблыняй трэба адмераць у простым кірунку ад дому тры крокі, і там капаць. Пляшка будзе неглыбока, можа, 30–40 сантымэтраў ад паверхні».
Раман устаў і, шоргаючы нагамі па зямлі, пачаў паволі рухацца наперад. Раптам нага ўпёрлася ў нізкі пень ад дрэва.
…Цяпер разумею: тую яблыню сьцялі.
Ён зрабіў тры крокі ад спрахнелага пянька і пачаў капаць. Хутка нож зашкрабаў аб шкло. Раман дастаў зь зямлі вялікую пляшку. Патрэс яе… Усярэдзіне забрынкалі манеты. Тады ён пайшоў да плоту і знайшоў там камень. Адбіў рыльца пляшкі і высыпаў на далонь манеты. Завязаў іх у хустку і схаваў у кішэнь. Скіраваўся да выхаду з саду. Калі ён наблізіўся да дому, зь сярэдзіны пачуўся жаночы лямант і плач:
— Ванечка, Ванечка! За што ж ты! Вазьмі ўсё, толькі ня бі!
Было чуваць гук удараў і ўсё гучнейшыя енкі кабеты.
— Ну пусьці ж! У мяне ж нічога няма! Ты, нягоднік! Пусьці!