Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 126
Сергей Песецкий
Яна пагразіла яму пальцам і сказала:
— Вы вельмі мілы, але я ня вельмі вам веру.
— Можа, я вас яшчэ пераканаю.
Пад’яжджаючы да Менску, яны ўжо гаварылі на «ты». Выйшлі на вакзале і разам пайшлі да выхаду. На плошчы перад вакзалам спыніліся.
— Куды цяпер ідзеш? — спытаў Раман.
— У гатэль. Спаць.
— А калі мы ўбачымся?
— Калі ты хочаш?
— Заўсёды: сёньня, заўтра, пасьлязаўтра.
Яна задумалася. Раптам яе твар падаўся яму дзіўна знаёмым. У вачах зьявілася штосьці, чаго ён дагэтуль не заўважаў, але што ён шматкроць бачыў у чыіхсьці іншых вачах. Аднак ён ня мог прыгадаць, калі гэта было.
Вера патрэсла галавою — нібы апамятаючыся. Сказала:
— Сустрэнемся 1 верасьня, а 9-й вечара, у Губэрнатарскім садзе, у алеі насупраць летняга тэатру «Рэнэсанс».
Перад вачыма Рамана паўсталі постаці расстраляных таварышаў і «сустрэчу», на якую ён прыйшоў у той жа час, у тое ж месца год таму. Ён зрабіў крок назад і, зьдзіўлены, глядзеў ёй у вочы.
— Што ты так спалохаўся?
— Што… страшна доўга чакаць.
Яна расьсьмяялася.
— Трэба быць цярплівым. Так усё здабываецца.
Яны разьвіталіся моцным поціскам рук.
Раман у задуменьні ішоў вуліцамі. Ён усё думаў пра гэтую жанчыну. Успамінаў яе аповед пра манэўры, які выявіў вялікую назіральнасьць.
«Так, так, «манэўры», — прашаптаў ён колькі разоў, думаючы пра тое, як завербаваць карэспандэнтку «Трудовой Правды». Аднак адна рэч усё не давала яму спакою. Той дзіўны выраз вачэй, які ён зацеміў у Веры, калі яна разважала, калі прызначыць яму спатканьне.
«Дзе ж я гэта бачыў?»
Раптам яго азарыў успамін: «У сябе ў вачах — у люстры!» Так. Акурат гэта… Аднак гэта вельмі дзіўна!
2
Раман правёў дзень у сястры Харэўскага, бо меў да яго вельмі пільную справу. Аднак таварыш не прыйшоў. Ён пакінуў яму ліст і ўвечары пайшоў да Наташы. Дзяўчына была вельмі зьмізарнелая і сумная. Раман занепакоіўся:
— Што здарылася?
— Зь Любай вельмі блага. Былі два крывацёкі. Другі вельмі моцны. Думаю, трэці яна не перажыве. Яна зусім зьнясілела. Дзіўна — яна ж выглядала лепш за мяне. Цяпер увесь час са мной сварыцца. Хоча курыць, а я ёй не даю.
— Доктар быў?
— Быў. Сказаў, што яна ў найбліжэйшыя дні памрэ.
Раман увайшоў у спальню. Люба ляжала ў ложку. Яна ўжо не магла хадзіць. Вочы яе глыбока запалі, вусны былі цёмныя, патрэсканыя. Люба ўсьміхнулася. Слабым, глыбокім голасам адказала на вітаньне. Паклікала яго бліжэй.
— Дайце папяросу, — папрасіла ўмольна, а ў вачах паказаліся сьлёзы.
Раман, нават не вагаючыся, даў ёй папяросу. Люба прагна ўцягнула тытунёвы дым у лёгкія, і раптам папяроса выпала зь яе рукі. Яна пачала душыцца дымам. У пакой убегла Наташа.
— Навошта вы далі ёй папяросу? Зноў можа пачацца крывацёк!
— Нічога ён ня будзе. Гэта проста ад прастуды. Хутка гэта міне, — весела сказаў Раман.
Наташа хацела забраць у хворай папяросу, але Люба не дала. Сказала:
— Ня муч жа мяне!
Наташа махнула рукой і хутка выйшла з пакою. Люба курыла далей. Яна ўжо не душылася дымам. Раман з жалем глядзеў на яе, але стараўся гаварыць бадзёра:
— Вы ведаеце, што мы хутка паедзем за мяжу?
— Ведаю.
— Толькі хай міне гэтая прастуда. Там вам будзе вельмі добра. Можа, арганізуем вам выезд у Амэрыку. Але трэба быць вясёлай.