Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 125

Сергей Песецкий

— А мяне Андрэй Дылія.

Аднак заміж таго, каб сказаць, як зьбіраўся: намесьнік кіраўніка ўладзімірскага фінаддзелу — як было ў дакумэнтах, ён сказаў: намесьнік начальніка цімкавіцкага пагранатраду.

Жанчына зь цікаўнасьцю паглядзела на яго.

— Значыць, вы выдатна разьбіраецеся ў міжнародных адносінах?

— Так. Так, як вы ў журналісцкіх справах.

Раман падумаў, што добра было б завербаваць яе як супрацоўніцу. У якасьці карэспандэнткі яна магла ўсюды езьдзіць, рабіць здымкі, інтэрвію, падтрымліваць сувязь паміж паасобнымі ячэйкамі. Ён ажывіўся. Пачаў міла і весела размаўляць са спадарожніцай. І размова так дзіўна складалася, што ўвесь час круцілася вакол найцікавейшых для яго пытаньняў. Перадусім — вайсковых спраў. Пачалі размаўляць пра манэўры. Аказалася, што Радзінская была на іх тэрыторыі і зьбіралася напісаць справаздачу пра манэўры ў выданьне «Красный Командир». Раман распытваў яе пра дэталі; хоць ён ведаў, што яго інфарматар дасьць яму дакладную справаздачу, гэта было б пацьверджаньнем яго працы. Сутнасьць манэўраў ён ведаў. Яго цікавілі толькі іх ход і вынік.

Радзінская сказала, што ў яе ёсьць больш за дзясятак фатаграфіяў з манэўраў. Раман успомніў, як у мінулым годзе яму даручылі сфатаграфаваць усе чыгуначныя масты на лініі Менск-Бабруйск. Апроч таго, трэба было дасьледаваць і апісаць паасобныя станцыі. Ён падумаў: «Як лёгка Радзінская магла б усё гэта зрабіць». А ў яго тады было з гэтым шмат клопатаў. «Абавязкова трэба паспрабаваць завербаваць яе».

У размове прагучалі словы «рэарганізацыя Чырвонай Арміі». Раман і Вера адначасова дапытліва паглядзелі адно аднаму ў вочы. Каб згладзіць гэта, Раман сказаў:

— Мяне вельмі дзівіць, што вы пра гэта ведаеце. Гэта ж таямніца.

— Калі таямніца, то і вы не павінны ведаць. Я як журналістка ведаю шмат рэчаў, але добра арыентуюся, з кім пра іх размаўляць. Зрэшты, мы абое пра гэта ведаем. Я, напрыклад, маю гэтыя зьвесткі зь неспасрэднай крыніцы і кажу пра гэта таму, што вы першы згадалі.

— А я, — сказаў Раман, — ня толькі пра гэта ведаю, але нават бачыў праект загаду і ведаю яго нумар.

Вера расьсьмяялася:

— А можа, і я ведаю?

— Сумняваюся.

— Калі ласка. Першая лічба З.

— Добра. А другая?

— Таксама З. А можа, і я бачыла копію загаду, але як журналістка павінна захоўваць гэта ў таямніцы.

Раман быў захоплены новай знаёмай:

«Гэта ж скарб для мяне! Трэба пастарацца як найбліжэй зь ёй пазнаёміцца. Можа, яна здабудзе копію загаду хутчэй, чым Марозаў!»

Яго апатыя зьнікла. Ён пачаў з ажыўленьнем размаўляць зь Верай. Расказваў ёй розныя рэчы пра сваю службу ў пагранатрадзе і сам распытваў пра розныя дэталі, якія тычыліся яе працы.

Вера паводзіла сябе ўсё больш какетліва. Раман пачаў рабіць ёй кампліменты. Яна весела сьмяялася, а ў нейкі момант сказала:

— Вы так паводзіцеся, нібыта ў мяне закахаліся.

— А што ж тут дзіўнага? Вы мне вельмі падабаецеся. Перадусім як жанчына, а па-другое, як талковая работніца. Зрэшты, нічога дзіўнага: у нас, на памежжы, няма прыгожых жанчын, таму, калі я вас убачыў, то папросту захмялеў.