Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 124
Сергей Песецкий
— Ведаеш што, Ромка, калі б бальшавікі зьніклі з паверхні зямлі, я б сябе забіў. Ужо не было б дзеля чаго жыць!
ІХ «МАНЭЎРЫ»
Все мы, святые и воры,
Из алтаря и острога
Все мы — смешные актеры
В театре Господа Бога.
М. Гумілёў,
«Тэатар»
1
Раман ехаў з Гомеля ў купэ «мяккага вагону». Разам зь ім ехалі двое краскомаў з 7-й кавалерыйскай дывізіі і агент Фінаддзелу. У Бабруйску ўсе выйшлі, і Раман застаўся адзін. Была 11 гадзіна вечара. Раман апусьціў акно і вызірнуў на пэрон. Убачыў некалькі чэкістаў. У «цьвёрдыя вагоны» села шмат пасажыраў. «Мяккі» ішоў амаль пусты. Незадоўга перад адпраўленьнем на пэрон выбегла жанчына ў скураной куртцы. Пад пахай у яе быў партфель. Яна хапатліва ішла ўздоўж цягніка. Спытала штосьці ў чэкіста. Той паказаў пальцам на вагон, у якім ехаў Раман. Жанчына падышла да акна:
— Гэта мяккі вагон? — зьвярнулася яна да Рамана.
— Так.
Яна ўвайшла ў калідор. Мінула купэ Рамана. Пэўна, шукала зручнейшае месца. Праз імгненьне вярнулася.
— Тут будзе найзручней, — сказала яна, кладучы партфель у кут ля сьценкі і займаючы месца ля акна.
Раман маўчаў. Паводзіны жанчыны падаліся яму трохі дзіўнымі. Яна была занадта вясёлая, міла ўсьміхалася. А гэта для «жанчыны з партфелем» — зьява ненатуральная. Ён зацеміў, што на рэмені цераз плячо ў жанчыны вісіць фотаапарат.
Жанчына зьняла з галавы мужчынскую шапку-«керанку» і паклала на паліцу. Скураную куртку павесіла на кручок ля акна. Нарэшце ўселася. Выняла пачак папярос «Клуб» і запаліла.
— Вы курыце?
— Так.
— Можа, пачастуецеся папяросай?
— Я куру толькі «Нашу марку».
— Я прызвычаілася да «Клубу». А чаму цягнік не адпраўляецца? Ужо ж былі сьвісткі!
— Можа, кола ў лакаматыва адвалілася, ці машыніст пайшоў у кіно.
Жанчына расьсьмяялася. Потым спытала:
— Можа, я размовай перашкаджаю вам спаць?
— Не. Я ўжо выспаўся. Я еду з Харкава.
Неўзабаве цягнік рушыў. Раман, зацікаўлены наяўнасьцю ў незнаёмай яму жанчыны фотаапарата, спытаў:
— Вы аматарка фатаграфіі?
— Н-не. Гэта мая прафэсія. Я карэспандэнтка «Трудовой Правды». Яшчэ пішу артыкулы ў іншыя выданьні. Нават у вайсковыя. Мяне завуць Вера Радзінская.
Тады Раман палічыў патрэбным прадставіцца: