Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 123
Сергей Песецкий
Некалькі разоў я ўжываў какаін. Гэта вырывае з атупеньня і дае палёгку. Але я баюся стаць залежным і саромеюся гэтага. І ўсё ж заўжды я маю пры сабе какаін.
Зноў пачынаю баяцца адзіноты. Праз пэўны час я зразумеў, што баюся самога сябе. Баюся, бо ня ведаю, што мне прыйдзе ў галаву ў наступны момант, і баюся вар’яцтва. Добра, што яшчэ хоць усьведамляю гэта. Я хацеў папрасіць Тоньку, каб ён, калі я сапраўды звар’яцею, абавязкова мяне застрэліў. Але пасаромеўся сказаць яму гэта і не хацеў яго палохаць.
Аднойчы я зацеміў, што і пачуцьці мае пачынаюць працаваць ненармальна. Напрыклад, гляджу на двух людзей, якія размаўляюць, і зусім іх ня чую. Думаю ў гэты час пра мноства рэчаў і адначасова раблю выгляд, што заняты чытаньнем нейкай газэты ці разгляданьнем нейкага віду. А потым з мазгоў неспадзявана ўсплывае ўвесь зьмест іх размовы, якой я зусім ня чуў. Значыць, ёсьць ува мне штосьці, што працуе самастойна. Гэта так дзіўна і заблытана, што я нічога не магу зразумець. Ведаю толькі, што страціў валоданьне сабой, што звычайны «здаровы розум» перастаў мной кіраваць. Гэта часта даводзіць мяне да шалу. Размаўляючы, я стараюся засяроджвацца — каб гаварыць правільна. Кантралюю кожную сваю думку, і раптам той хтосьці, з глыбіні маёй душы, кажа рэчы, процілеглыя таму, чаго я хачу. І самае дзіўнае, што потым выяўляецца, што «ён» вельмі трапна зрабіў.
Нядаўна задрамаў і адразу прысьніў, як сабака чысьціць зубы. Ён чысьціў іх шчоткай для адзеньня. Шчотка ляжала на падлозе, а ён прытрымліваў яе лапай і цёрся пысай аб шчаціньне.
Я часта ўспамінаю Харэўскага. Прыгадваю тую сцэну ў лесе ўночы, калі ён размаўляў з багамі. Здаецца мне, і яму д’ябал глузды перакруціў. Багам ночы роўныя? Ідыятызм! Адкуль у ім гэтая ганарыстасьць? Насамрэч жа мы легкадумныя, бясьсільныя дзеці, што мараць пра нейкія цуды, блукаюць навобмацак сярод палёў і лясоў са сьмерцю пад ручку.
Ад Антона я трохі даведаўся пра мінулае Харэўскага. Даўней Зыгмунт жыў у Маскве. Там у яго была дзяўчына, якую ён вельмі кахаў. Яе бацькоў падчас «ліквідацыі» сацыялістаў-рэвалюцыянэраў забралі на Лубянку. Потым і яе арыштавалі. Яе брата і бацьку расстралялі; а дзяўчыну, доўга пратрымаўшы ў турме, вызвалілі. Тады яна зрабіла сабе сьмерць, кінуўшыся на брук падворку з трэцяга паверху дому. Зыгмунт засьпеў яе яшчэ жывою, але неўзабаве яна памерла. Харэўскі застаўся адзін. І цяпер ён плавае па брудных хвалях савецкай неверагоднай рэчаіснасьці, як карабель-здань. Сам слабы і мізэрны, як дзяўчына, але магутны ў сваім пачуцьці нянавісьці да катаў Расеі, помсьціць, як можа, за сваё і яе зламанае жыцьцё. А можа, ён сапраўды роўны багам ночы? Колькі разоў я думаў, што добра было б, каб ён хутчэй памёр. Бо гэта не чалавек, а закуты ў лёд боль. Цікава, што яна яму сказала ў апошнія хвіліны свайго жыцьця? Мабыць, штосьці страшнае! Я ж таксама страціў некалькі дарагіх мне людзей, якіх забілі бяз дай прычыны, але я не такі разьюшаны і поўны нянавісьці да бальшавікоў, як ён. Я іх ненавіджу хутчэй розумам — за ўсю іх агіднасьць. Я лічу гэта сваім правам і абавязкам перад маімі сябрамі — нежывымі. А ён ненавідзіць злосна, бяздумна, усім сваім іством, кожным нэрвам! Аднойчы ён сказаў мне: