Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 122

Сергей Песецкий

— Добра, — адказаў я. — Але адкуль вы мяне ведаеце? Чаму вы да мяне з гэтым зьвярнуліся?

— Антон мне пра вас расказваў. Вось я і падумаў, што так будзе найлепей. А вам — малая розьніца, адно заданьне зрабіць ці два.

Я згадзіўся. Я проста хацеў даць яму трохі зарабіць. Мы пайшлі да яго цёткі. Сустрэла мяне вялізная бабішча ў зялёным халаце. Валасы заплеценыя ў катлету. Вочы плаваюць у тлушчы. Пальцы як сасіскі. А галасок тоненькі. Яна дала мне плян, мы абмеркавалі справу і разьвіталіся. Хацела мяне гарбатай пачаставаць, але я сказаў, што ня п’ю гэтага зельля, бо дбаю пра колер твару. Станельскі ў той жа дзень пайшоў па заданьне і грошы.

Доўгі час я ня мог зразумець, што са мной адбываецца. Перадусім, гэтая дзіўная расьсеянасьць. Я ні на чым не магу засяродзіць думкі. І стаў да ўсяго абыякавы. Мне здаецца, нібыта я апынуўся па-за мяжой жыцьця, што гэта толькі выпадак, што я яшчэ жыву, размаўляю, хаджу. Я хаваю гэта, але не магу ашукаць сябе. Нешта папсавалася ў маіх мазгах. Падобна, пачалося гэта ад таго часу, калі ў лапы Чэка трапілі Пятроў і Грушэўскі. Пасьля гэтая стадола — не было ж ніякіх шанцаў на выратаваньне. І ўрэшце тое, што было зь Лізкай. Я роспачна чапляўся за гэтую дзяўчыну. Я думаў, што каханьне да яе мяне ўратуе, што я знайду ў гэтым мэту свайго жыцьця. І ўсё зьнікла. Цяпер засталося мне толькі адно — бяссоньне. Ня памятаю, калі я апошні раз добра спаў. Часта здараецца, што я ня сплю ўсю ноч. І што за думкі мне тады прыходзяць у галаву! Папросту выць хочацца! Я вязень гэтага агіднага сьвету і свайго цела. Аднаго разу, у бяссонную ноч я пайшоў да ўмывальніка і доўга мыўся. Пасьля наблізіўся да люстра. Пачаў глядзець на свой твар, і раптам мне зрабілася прыкра. Я заўважыў у вачах вар’яцкія агні. Я ўбачыў, што я ўжо не нармальны чалавек. Я толькі раблю выгляд, што ўсё ў парадку. Аднак насамрэч ужо разбурылася тая крохкая перагародка, што аддзяляе кожнага з нас ад вар’яцтва, у якое я ўпадаю ўсё больш. Найгоршае тое, што трэба ўвесь час рабіць выгляд, нібыта ўсё ў парадку. Трэба размаўляць, сьмяяцца, забаўляцца. Але ўсё гэта ня мае для мяне зьместу, сэнсу, бо думкі мае заўсёды недзе далёка. Часам я доўга слухаю кагосьці, уважліва гляджу яму ў вочы і пасьля ўсьведамляю, што зусім ня памятаю, што ён мне расказваў.