Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 121
Сергей Песецкий
— Проста! — рыкнуў Клядзінскі.
Салдаты перайшлі рэчку і пайшлі на мяжу. Тут мы спыніліся і загадалі чырвонаармейцам пакласьці ношы. Салдаты цяжка дыхалі, і ад стомы, і ад страху. Клядзінскі дастаў гаманец і даў ім па банкноце.
— Вось вам на самагон. Гэта за звышурочную службу. Барэце вінтоўкі і бегма на месца, бо пойдзеце пад суд.
Салдаты хапатліва зьбеглі да рэчкі. Пачуўся плёскат вады, пасьля наступіла цішыня.
— Яны нам прыдаліся, — сказаў Клядзінскі.
— Табе — не. Але нам прыдаліся, — адказаў Антон.
У кватэры мы распакавалі ношы. Там было больш за 100 кіляграмаў пэрлямутравых гузікаў найлепшага гатунку. Апроч таго, было 300 вугорскіх зайцоў, па сто ў кожнай ношы. Я сказаў Клядзінскаму, што хачу гэта прадаць, каб мець грошы на падарожжа і на адпачынак. Не хаваючы тавару, я пайшоў да Смолкі. Ён быў дома. Я расказаў, у чым рэч. Кантрабандыст адразу апрануўся і выйшаў з дому, паабяцаўшы прыйсьці разам з купцамі. Але вярнуўся ён адзін. Ён сказаў, што размаўляў з купцамі, якія далі гэты тавар кантрабандыстам. Сказаў, што тавар каштуе, паводле іх і яго падлікаў, 3000 даляраў. Што калі я прадам яго перакупнікам, то мне дадуць ня больш як 1000 даляраў, а купцы прапануюць мне за вяртаньне тавару 1800 даляраў, бо яны хочуць зноў паслаць яго за мяжу, і тэрмінова, бо ў Саветах гэты тавар замоўлены.
Я адразу згадзіўся. Пайшоў са Смолкам да Жадарскай, і мы запакавалі ўсё ў два мяхі. Пасьля пайшлі да гэтых купцоў. Гэта было блізка. Я кінуў мех у сенцах, а Смолка са сваім увайшоў у кватэру. Я выйшаў на падворак. Чакаў больш за чвэрць гадзіны. Урэшце прыйшоў Смолка і даў мне стос банкнотаў.
— Тут усё.
Я хацеў даць яму 200 даляраў за турботы, аднак той рашуча адмовіўся. Заміж грошай ён папрасіў, каб я пазычыў яму наган і даў патронаў да яго. Мы зноў пайшлі да Жадарскай. Я ўручыў Смолку зброю і 50 патронаў, сказаўшы, што даю наган яму ўва ўласнасьць.
Атрыманыя грошы я хацеў падзяліць на нас траіх. Аднак Клядзінскі сказаў, што ня возьме больш за сто даляраў, бо тавар зарабіў я. Тоньку я таксама даў сотню, бо ён застаецца ў Ракаве да майго вяртаньня зь Берасьця.
Сёньня вечарам Клядзінскі пойдзе на выведку. Я тым часам паеду ў Берасьце. Ну, а Тонька будзе піць па чарзе з усімі агентамі, якія прыяжджаюць у Ракаў. А калі іх ня будзе, то з кантрабандыстамі. П’яніца заўжды знойдзе сабе кампанію.
Сёньня на вуліцы да мяне падышоў нейкі вясёлы таўсташчокі мужчына і сказаў:
— Выбачайце за клопат. Мяне завуць Вацлаў Станельскі. Я вахмістар, служу ў войску. Хачу з вамі пагутарыць наконт адной справы. Ёсьць нават дзьве справы. Справа цёткі і мая. Толькі вы можаце нам дапамагчы.
Я зусім не паказаў зьдзіўленьня. Я ўвогуле перастаў чамусьці зьдзіўляцца ад таго часу, як пачаў глядзець на жыцьцё вачыма агента выведкі.
Свайго суразмоўцу я адразу залічыў да катэгорыі людзей легкадумных і няпэўных, але зрабіў выгляд, што цалкам яму давяраю. Мы пайшлі ў шынок, і там Станельскі расказаў мне такую гісторыю:
— Муж маёй цёткі ў 20-м годзе жыў у Менску. Ён засунуў у пляшку з-пад піва 200 рублёў золатам, закаркаваў яе і закапаў у садзе. Пазьней у 20-м годзе ён апынуўся ў Польшчы і ажаніўся з маёй цёткай, а вярнуцца па грошы не было магчымасьці. Сума невялікая, але цяпер нам так туга, што і гэта прыдалося б. Таму, разумееце, я пайшоў у выведку. Трохі там навыдумляў, што маю ў Саветах знаёмых на высокіх пасадах, адно, другое. Яны мне далі пробнае заданьне. А я так сабе думаў: забяру пляшку з грашыма — сто рублёў цётцы, сто рублёў мне, выканаю так-сяк заданьне і падзякую за службу. Вы ня думайце, я не баязьлівец, але страшна не люблю бальшавікоў, дык нашто мне на іх глядзець. Яшчэ раззлуюся і морду каму наб’ю. Вось жа, паехаў я на мяжу. Перакінулі мяне ў Коласаве. Я пайшоў у лес, разгледзеўся. Халера ведае, куды ісьці! А там цёмна. Дарогі ня ведаю. Калі б яшчэ на кані, то разумею, але пешшу шыбаваць да Менску, не — думаю сабе — дзякуй. Сабе даражэй будзе! І даў драпака. Перасядзеў у кустах да раніцы і прыйшоў на памежны пост. Нарасказваў ім кучу прыгод і паехаў дадому. Рапарт, натуральна, усё як мае быць. Неяк адгаварыўся і выказаў жаданьне пайсьці яшчэ раз. Але цяпер ужо так лёгка ня выкручуся. Вось і падумаў я, што вы лёгка маглі б і пляшачку зь зямлі выцягнуць, і заданьне выканаць. І ўсё было б файна: і сабе добра, і бацькам прыемна. Цётухна б вам палову золата адсыпала, а я — палову грошай, якую атрымаю на выкананьне заданьня. Ніхто б ня страціў, а мне б не давялося без патрэбы д’яблу ў пашчу лезьці.