Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 120

Сергей Песецкий

Ракаў, 15 жніўня 1923 г.

Учора вечарам я разам з Антонам і Клядзінскім пайшоў за мяжу. Вечар быў ціхі, цёплы. Неба ўсеянае зоркамі. Толькі ўвосень бываюць такія цудоўныя вечары.

Перайсьці мяжу было няпроста, бо было далёка чуваць найменшы шолах. Я расказаў сябрам, што я ішоў у той бок трактам, хоць якраз там бальшавікі зрабілі засаду. Клядзінскі прапанаваў і цяпер ісьці трактам. Ён меркаваў, што гэта найбольш бясьпечна і найбольш небясьпечна. Але нас было трое, можна было рызыкаваць. Зрэшты, ісьці ўтрох лесам і не нарабіць шуму было цяжка. А тракт засьцілаў тоўсты слой пылу і пяску, у якім бязгучна танулі ногі.

Мяжу і пару крокаў за рачулкай мы прайшлі вельмі ціха і паволі. Пасьля рушылі далей цалкам свабодна, вузкай сьцежкай уздоўж лесу.

Наблізіўшыся да другой лініі, мы зноў пайшлі паволі і ціха. Спыніліся ў купцы альшынак па-над рэчкай. Пачалі прыслухоўвацца. Антон, схіліўшыся, падышоў да дарогі. Лёг там і доўга глядзеў зь зямлі ў кірунку мосту, што быў блізка. Пасьля пачаў адступаць да нас. Паклаўшы рулю рэвальвэра на вусны, паказаў нам два пальцы левай рукі. Мы зразумелі, што на мосьце два чалавекі.

Доўга стаялі нерухома, чакаючы, калі «зялёнкі» пойдуць з мосту. Праз досыць доўгі час пачулі плявок. Пасьля хтосьці сказаў:

— Хадзем пакурым.

Пачуліся крокі. На мосьце яны былі цьвёрдыя і гучныя. Потым глуха шаргаталі па сьцежцы. Салдаты ішлі ў наш бок, але мы не зьмянілі месца. Яны спыніліся на сьцежцы за чатыры крокі ад нас. Яны не маглі нас убачыць, бо мы стаялі за купкай альшынак. Дасталі папяросы. Адзін, схіляючыся, чыркнуў запалкай. Успыхнуў агеньчык, асьвятліўшы шэры твар. Другі пачаў прыпальваць папяросу.

У гэты момант Клядзінскі адным скокам апынуўся каля іх.

— Кінуць папяросы! Хутка!

Ён пасьвяціў ліхтарыкам на сваё левае рукаво, паказваючы афіцэрскія адзнакі. Чырвонаармейцы кінулі папяросы. Адзін сказаў:

— Тут ніхто ня ўбачыць.

— Ага! Ніхто ня ўбачыць? — перадражніў яго Клядзінскі.

Мы з Тонькам сталі збоку. Клядзінскі зьняў з чырвонаармейцаў вінтоўкі. Адну даў Тоньку, другую ўзяў сам.

— А цяпер марш наперад! — сказаў Клядзінскі салдатам.

— Куды?

— На мост і проста трактам.

Пайшлі далей — чырвонаармейцы паперадзе, мы ззаду.

У дарозе адзін з чырвонаармейцаў спытаў трывожна:

— Таварышу, куды мы ідзём?

— Да ляснога камісара, — адказаў Тонька.

Да маёй хованкі было блізка. Збочылі ў цёмную лагчыну. Чырвонаармейцы былі спалоханыя і не хацелі туды ісьці. Клядзінскі сказаў ім ветліва і рашуча:

— Слухайце. Калі хтосьці з вас ня выканае хоць аднаго загаду альбо акажацца хоць словам, застрэлю на месцы. Рабіць, што кажу, і маўчаць.

Я знайшоў выварат і дастаў зь нішы тры мяхі. Клядзінскі ўзяў адзін у рукі:

— Ого! Есьць што цягнуць. Добра, што маем вярблюдаў.

Мы нагрузілі на чырвонаармейцаў дзьве ношы. Клядзінскі, як найдужэйшы з нас, узяў трэцюю, і мы рушылі ў зваротны шлях. Я і Тонька ішлі зь вінтоўкамі збоку, як ганаровы эскорт кантрабандыстаў.

Мінуўшы мост на другой лініі, мы безь ніякіх перашкод дабраліся да рачулкі паблізу мяжы. Тут чырвонаармейцы завагаліся: