Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 119

Сергей Песецкий

Вы думаеце, хлопцы, я пераканаў хоць аднаго зь іх? Відавочна, не. Я нагаварыў столькі, бо мяне панесла. Чалавеку цяжка адмовіцца ад надзеі панаваць над іншымі людзьмі, а яны бачаць у гэтым адзіны шлях да панаваньня. І сьмешнае тое, што я ведаю: калі б нехта зь іх пайшоў у Саветы і сказаў прамову пра свабоду прэсы, слова ці пра годную плату за працу, то раз-два — і яго б ня стала. Але ведаеце што, хлопцы, чорт зь імі. Хай гад гада душыць! Навошта замінаць! Няхай самі розуму набіраюцца.

— Так, — сказаў Тонька. — Нават навука давяла, што толькі мёртвыя людзі паскудзтваў ня робяць!

— Якая ж гэта навука? — спытаў я яго.

— Заалёгія.

Рысек расьсьмяяўся.

— Чаго зубы прадаеш? І глядзіш так: адно вока на нас, другое на Арзамас. Скажы лепей, калі ты сваю гісторыю напішаш?

— Якую гісторыю? — зацікавіўся Болек.

— Гісторыю бальшавізму, — сказаў Тонька. — Хачу пачаць так: дзеялася гэта ў краіне махоркі і сахарыну, каніны і какаіну. Людзі там жылі агідна. Гэта было не мізэрнае існаваньне, не быдлячае, рабскае жыцьцё, а поўзаньне голым жыватом па тоўчаным шкле.

— Далося табе гэтае шкло, — сказаў Рысек, які не любіў надта яскравых азначэньняў.

— Гэта для большага эфэкту. Далей: самагон там быў найтаньнейшы ў сьвеце. І людзі плавалі ў ім, як у моры. Гадавалі там 150 000 000 факіраў, якія жылі паветрам, вадой і дэкрэтамі. А тым часам партыйныя самкі трахаліся на партыйных платформах з партыйнымі самцамі. І над усім гэтым лунаў крывавы штандар ГПУ.

Клядзінскі махнуў рукой.

— Годзе. Абрыдла гэта. Не хачу пра іх чуць. Яшчэ тут пра іх гаварыць? Лепей вып’ем.

Зноў прыйшла Барбара. Ад яе пахла духамі. Антон колькі разоў чхнуў. Жанчына села за сталом і салодка паглядала на Рышарда. Празь нейкі час яна сказала:

— Гляджу я на вас і шкадую. Такія маладыя і так рызыкуеце! Ці ня лепей жыць спакойна? Добра есьці? Высыпацца?.. Ажаніліся б. Мелі б уласныя кватэры, спакой, упэўненасьць у заўтрашнім дні, і жылі б… — яна пачала шукаць прыдатных словаў, каб скончыць сказ.

Клядзінскі адразу ж дапамог, працягваючы яе тонам:

— …як сьвіньні ў хляве, парохкваючы ад задавальненьня, захліпаючыся тлушчам, пачуцьцё абывацельскай годнасьці і сьвінячыя свае справы да нябёсаў узносячы. І выкрывалі б з абурэньнем кожнага абібока, што голы сядзіць і беднасьцю вочы коле! І пільнавалі б даўно абрыдлую самку! І захапляліся б сваімі, рыхтык лёкай з дому насупраць, смаркачамі! І нарэшце, па доўгіх і цяжкіх пакутах, сумленна сканалі б на агульную радасьць! І над магілай вашай п’яны сукін сын штурхане прамову: якім цудоўным тыпам быў гэты сьмярдзючы жмур (бо нябожчык — гэта штось іншае — ад неба). І напісалі б на вашай магіле: гэты цуд прыроды здохнуў, пражыўшы — на кару спадкаемцам — 70 і 7 гадоў. Вы мяне пераканалі!

Барбара пакрыўдавала:

— Калі б усе так думалі, то род людзкі загінуў бы.

— Не загінуў бы! Цяпер дзетак вырабляюць мэханічна.

— Цьфу!

— Пані Барбара! Гэта яшчэ ня ўсё.

Яна з грукатам зачыніла дзьверы.