Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 118
Сергей Песецкий
І ведаеце што: яны выслухалі мяне. Маўчалі. Пэўна, іх агаломшыла мая ўпэўненасьць і шчырасьць, зь якой я гаварыў. Першы апрытомнеў дакладчык. Як закрычыць: «А вы адкуль усё гэта ведаеце? Хто вы? Гэта ўсё хлусьня!» А я яму кажу: «Калі ласка, цішэй, бо можа быць блага. Хто я, зараз пабачыце». Я сабе калісьці зрабіў для сьмеху пасьведчаньне намесьніка начальніка арлоўскага ГПУ. Кладу яго на стол і чытаю. Дакладчык крычыць: «Таварышы, гэта правакацыя! Гэта агент дэфэнзывы!» А я кажу: «Памыляецеся. А цяпер я скажу без памылкі, хто ты такі! Ты подлая сволач, якая сьвядома ашуквае беднякоў і цягне іх у бездань. Я ведаю, чаму ты гэта робіш! Чаго ты хочаш! Хочаш зарабіць сабе на будучыню пасаду і зьдзекавацца зь беднякоў, як там зьдзекуюцца. Табе хочацца кіраваць! Табе хочацца славы! Ты ідэйны паршывец. Цяпер ты паскудны місіянэр ці пасярэднік, а мроіцца табе кар’ера Каменева, Зіноўева, Сьвярдлова! Ты хочаш бяз працы стаць багатым! На чужых целах збудаваць сабе будучыню!»
Плюнуў я, выйшаў з пакою і на вуліцу. Чую, даганяе мяне хтосьці. Абярнуўся. Хацеў яму трэснуць па пысе. А гэта мой прыяцель, той камінар. Мы пайшлі разам. Ён мяне пытае: «Скажы: ці ў тым, што ты расказаў, ёсьць хоць трохі праўды?» Мне аж дух заняло. Што значыць асьляпленьне! І кажу яму: «Слухай, даражэнькі! Ня ведаю, як цябе пераканаць. Але павер мне, што ўсё гэта праўда. І што я сказаў хіба толькі тысячную яе частку». — «Дык як жа цяпер жыць? Я ж так верыў, што там чалавек сапраўды свабодны, а рабочых ніхто не эксплюатуе. А калі насамрэч так, як ты кажаш, дык што цяпер рабіць?» — «Ня ведаю. Але думаю, што трэба добра працаваць і самому нікога ня крыўдзіць. Калі б усе так рабілі, то даўно было б добра на сьвеце. Але ўсе такія разумнікі: хочуць кіраваць, выхоўваць, выпраўляць, толькі не сябе — іншых. А ўсе гэтыя тэорыі кабінэтных блазнаў і пазэраў ці здурнелых летуценьнікаў больш робяць шкоды, чым карысьці. Гэта тое самае, калі б бацькі дзеля таго, каб дзіця хутчэй расло, штодня цягнулі яго за галаву й за ногі. Альбо галаву скруцяць, альбо ногі адарвуць».