Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 117

Сергей Песецкий

— Дык на халеру ходзіш?

— Ня ведаю. Так мяне гэта вабіць.

Болід выпіў гарэлкі і расьсеяна ўтаропіўся ў акно. Раптам міла ўсьміхнуўся і зычліва, цёпла зірнуў на нас.

— Вы ня думайце, што гэта страх. Я не баюся, што мяне заб’юць, проста нэрвы ў мяне такія. Няма на гэта рады. Трохі вып’ю і іду.

Антон сказаў паважна:

— А ведаеце што, хлопцы? Я мяркую, што ён найсьмялейшы з нас усіх. Я яго разумею. Ня штука рызыкаваць жыцьцём, калі чалавек сам кулі шукае. А штука так, як ён: жыць яму хочацца, аж пішчыць, і сьмерці ён баіцца, а ўсё адно ідзе!

— Гэта значыць, — нядбала працягнуў Клядзінскі, — бярэш сябе за морду і кажаш: ідзі, быдла паскуднае, пакажы, што ты варты больш за г…! Што?

У пакой увайшла Нюся. Павіталася з намі. Узяла з палічкі шчотку для вопраткі і выйшла ў кухню.

— Нішто сабе дзеўка, — сказаў я Болеку.

— Угу! Кроў з малаком. Паношаная, а ў цэлым супэр! — азваўся Антон.

Праз пэўны час размова зайшла аб працы Камінтэрну ў капіталістычных дзяржавах. Пазьней Болек расказаў, як ён трапіў на таемны камуністычны сход у Берасьці:

— Быў у мяне калісьці адзін прыяцель. Я ня бачыў яго пару гадоў, а колькі дзён таму сустрэў яго вечарам у Берасьці. Разгаварыліся. Тое, сёе. Расказвае, як паскудна жывецца. Я пытаюся: «Колькі зарабляеш?» А ён камінар. Кажа: «300 000 марак заробку і дадаткі». Я галавой пакруціў, на савецкія сам сабе пералічыў. Там ён і за год столькі б не зарабіў. Але нічога. Якая мне справа? Пытаюся: «Куды ідзеш?» Ён кажа: «На сход». Неяк так выйшла, што і я зь ім пайшоў. Прыходзім. Кватэра нішто сабе. У вялікім пакоі каля 30 чалавек. З 20 жыдоў, 4 жыдоўкі, рэшта нашы. Мы трохі спазьніліся. Дыму поўны пакой. Нейкі жыд чытае даклад. Апавядае пра сучасную сытуацыю за мяжой. Я слухаю. Пачынае гаварыць пра Польшчу. Страшна абураецца, што камуністаў за антыдзяржаўную дзейнасьць саджаюць у турму. Называе прозьвішчы: таварыш такі атрымаў столькі гадоў, таварыш такі атрымаў столькі гадоў. Цэнзура душыць. У турмах 30 000 злачынцаў. Палітычных 4000. Пасьля, натуральна, пераходзіць на Саветы. Ах, якая ж там раскоша! Сьпявае як салавей. І свабода там, і роўнасьць, і братэрства, і грамадзкае забесьпячэньне, і дыктатура пралетарыяту, і зямля — сялянам, і фабрыкі — рабочым, і асьвета, і культура, і пэнсія, і роўныя правы жанчынам, і свабода прэсы. Пачынае сыпаць лічбамі: у Англіі шахтар зарабляе столькі, у Саветах тры разы па столькі. І пайшло, і пайшло! Я слухаю, слухаю, а пасьля кажу: «Дазвольце, таварышы, і мне сказаць колькі словаў! Я, праўда, ня ведаю, як выглядае становішча работніка ў Англіі, але добра ведаю, як жывецца ў Саветах. Я толькі ўчора прыехаў адтуль. У якасьці доказу пакажу вам білет ад Смаленску да Менску і апошні нумар «Известий». Мог бы вам паказаць партыйны білет, але лічу гэта лішнім». І пачаў апавядаць ім, які страшны голад пануе на вёсцы. Якую нястачу церпяць рабочыя. Як ГПУ забівае грамадзянаў і сацыялістычных дзеячоў, якіх яшчэ не пазабівалі. У «Цэка» і народных камісарыятах няма ніводнага пралетара. Што там работнік за год не заробіць столькі, колькі ангельскі работнік за два тыдні. Жанчыны працуюць на цяжкіх работах, нават у шахтах, пад зямлёй. Што расстрэльваюць тысячамі. Што забаронена ладзіць страйкі ці хаця б дамагацца паляпшэньня ўмоў жыцьця. Што сотні тысяч беспрытульных бадзяюцца па Расеі. Адны паміраюць, іншыя вырастаюць. Што Масква кіруе саюзнымі рэспублікамі, не зважаючы на інтарэсы іх насельніцтва. Што разьбежнасьць заробкаў вялізарная. Што на рынках нічога ня можна купіць. Што пасьля апошняй «чысткі» з партыі выкінулі 300 000 камуністаў. Што сярод партыйных квітнеюць азартныя гульні, п’янства, злачыннасьць. Што сяляне і рабочыя, якія бачаць сваю крыўду, ужываюць пасіўны сабатаж. Што калі б мяжа была адкрытая і калі б савецкім грамадзянам у буржуазных дзяржавах было забясьпечанае такое існаваньне, якое тут мае найгоршы работнік, то засталіся б там толькі камісары і агенты ГПУ. Што партыйныя таварышы зацята б’юцца за лепшае месца, не зважаючы на інтарэсы партыі і сацыялістычную этыку. Што турмы бітма набітыя. Што канцэнтрацыйныя лягеры не пасьпяваюць перарабляць у трупы тысячы сялян і рабочых.