Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 115
Сергей Песецкий
У Бабруйску я атрымаў плян восеньскіх манэўраў на тэрыторыі «Заходняй Беларусі». У манэўрах возьмуць удзел ІV і VIII дывізіі. IV — «зялёныя»; VIII — «чырвоныя». Пры гэтым афіцэры VIII дывізіі будуць камандаваць IV дывізіяй і наадварот. Мяркуючы, што мяне пашлюць у зону манэўраў, і ня ведаючы, ці буду я мець досыць часу, я даў аднаму з інфарматараў амаль палову ўсіх маіх грошай і падрабязна патлумачыў яму, што трэба назіраць. Грошай я не шкадаваў, бо разьлічваў па вяртаньні ў Польшчу прадаць забраны ў кантрабандыстаў тавар.
Сёньня (13 жніўня) я вярнуўся ў Менск. Пайшоў да Наташы. Мяне ўвесь час точыць гарачка працы. Калі куды-небудзь прыяжджаю, мне адразу робіцца сумна і зьяўляецца жаданьне як найхутчэй паехаць далей. Я разумею прычыну гэтага. Гэта жаданьне забіць тугу за Лізкай. Але няма на гэта рады. Часам я пачуваюся атручаным думкамі пра яе. Два разы ў такія моманты я ўжываў какаін. Мне рабілася лягчэй, але гэта ня выйсьце. Калі так далей пойдзе, я альбо звар’яцею, альбо нараблю якіх-небудзь страшных глупстваў. Пару разоў мне прыходзіла ў галаву, што добра было б зрабіць сабе сьмерць. Пасьля гэтая думка стала такой дакучлівай і так часта вярталася, што я пачаў баяцца адзіноты. Сёньня, паспаўшы некалькі гадзінаў, прачнуўся, калі Наташа пайшла ў горад. Я падумаў: «Што цяпер робіць Лізка? Можа, ёй блага?» І раптам я адчуў сьлёзы ў вачах. Як гэта недарэчна і цяжка. Дастаў з-пад падушкі рэвальвэр і доўга глядзеў у рулю. Найпрасьцейшае выйсьце. Адно імгненьне — і ўсё скончана.
Ня трэба думаць, пакутаваць, труціцца горыччу ўспамінаў. Будзе вечны спакой.
Я зноў дастаў парашок какаіну. Ужо трэці. І занурыўся ў хвалі цудоўнага наркозу. Мне захацелася кампаніі, і я паклікаў Любу. Яна прыйшла — бледная, змарнелая. Пурпуровыя вусны і востры бліск у вачах, як з голаду. Я даў ёй папяросу і папрасіў, каб яна што-небудзь расказала. Спачатку яна гаварыла бязладна, пераскокваючы з тэмы на тэму. Пазьней ажывілася. На шчоках зьявіўся румянак. Прыціскаючы рукі да грудзей і гледзячы кудысьці далёка, яна гаварыла:
— Паеду ў Амэрыку. Там вельмі любяць артыстаў. Там ня будуць мне балець грудзі, і я буду сьпяваць, сьпяваць. Вы думаеце, дзеля грошай? Не. Я хачу, каб людзі сьмяяліся. Таму я буду ім сьпяваць так весела, весела. І толькі вясёлыя песьні.
Пазьней, калі какаін пачаў дзейнічаць, я таксама пачаў штосьці ёй апавядаць. Мяркую, штосьці вельмі цікавае, бо калі я змаўкаў, Люба прасіла: «Калі ласка, яшчэ!»
Мне здаецца, што Любе застаецца нядоўга жыць. У яе заўжды вільготныя далоні, сіняватыя кончыкі пальцаў, васковы колер твару і жахлівы кашаль — сухі, балючы, які выціскае сьлёзы зь яе вачэй. Мабыць, яна ўжо ня ўбачыць Амэрыкі. І ня будзе больш сьпяваць. Адсьпявала сваё на Шпалернай, на славу «дыктатуры пралетарыяту». І не дарма сьпявала. Атрымала за гэта плату — вар'яцтва і хваробу.