Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 113

Сергей Песецкий

Раман пагадзіўся.

Каля вёскі Мядзьведжына яны сышлі з тракту ў поле і рушылі ў кірунку Архіярэйскага лесу. Дзіўным чынам выйшлі на бераг возера, так добра знаёмага Раману. І цяпер — як тады — яно было поўнае зорак. Толькі месяц не купаўся ў яго глыбі.

— А можа, распалім вогнішча? Трохі абсохнем і пачысьцім вопратку, — сказаў Харэўскі.

Раман згадзіўся.

Яны пачалі зьбіраць дровы й ламачча. Неўзабаве распалілі агонь і высушылі каля яго вопратку і абутак. Харэўскі прамыў і заляпіў шматком хусткі невялікую рану ў ніжняй частцы шыі.

Леглі каля вогнішча і доўга маўчалі. Усё наўкола было змрочнае і нібыта варожае. Чорныя дрэвы. Халоднае таямнічае возера. Полымя прагна жэрла вільготныя галіны, якія сычэлі ў вогнішчы.

Раман глядзеў у полымя з хваравітым выразам твару. Харэўскі сьцягнуў бровы і, склаўшы рукі на каленях, увесь час кусаў ніжнюю губу. Раптам хітнуў галавой і выцягнуў з кішэні гаманец. Дастаў з глыбокага аддзелу парашок какаіну і высыпаў яго зьмесьціва ў ямінку каля вялікага пальца левай рукі. Уцягнуў какаін у ноздры, а паперку скамечыў і кінуў у вогнішча. Зьвярнуўся да Рамана:

— А што ж ты такі сумны?.. Мо таксама возьмеш?.. Ня варта здароўя шкадаваць — сьмерць стаіць за сьпінай. Яшчэ дзень, яшчэ дзесяць дзён, можа сто — і канец.

Раман чамусьці саромеўся. Ён уважаў ужываньне наркотыкаў за слабасьць, за імкненьне ўцячы ад рэальнасьці, за страх перад жыцьцём. Але пераадолеў сябе і сказаў:

— Давай. І я паспрабую.

Харэўскі дастаў парашок, насыпаў трохі какаіну на край каробкі запалак.

— Адну наздру зацісьні, а другой уцягні.

Раман зрабіў гэта.

— Цяпер вазьмі ў другую.

Раман адчуў у горле і ў роце гаркаваты смак. Яму здавалася, што яго нос зрабіўся вялікі і халодны. Нават памацаў яго.

Раман не заўважыў, калі пачалося дзеяньне наркотыку. Аднак раптам агонь падаўся яму захапляльным. Ён пачаў з усьмешкай прыглядацца да цудоўнай гульні полымя.

Ён запаліў папяросу, глыбока ўцягваючы дым у лёгкія, і ўсьміхнуўся. Адчуў лёгкасьць і бадзёрасьць. Яму захацелася сьмяяцца альбо сказаць што-небудзь прыемнае сябру. Ноч і прырода ўжо не прыгняталі яго, не былі халодныя, варожыя. Усё стала простым. Розум працаваў ясна, хутка.

Харэўскі прыняў другую дозу.

Нягледзячы на дзеяньне наркотыку, Раман зацеміў, што вочы сябра зрабіліся ненатуральнымі. Зрэнкі павялічыліся, амаль цалкам занялі райкі і крывава блішчэлі ў прыгаслым сьвятле вогнішча.

Харэўскі ўстаў. Паглядзеў на возера, у неба, на чорныя абрысы дрэваў. Раптам пачаў ціха гаварыць, але такім дзіўным голасам, што Раман зьдзіўлена паглядзеў на яго. Раман не пазнаў сябра. Яму здавалася, што гэта хтосьці чужы.

— Слухай, — сказаў Харэўскі ўрачыста. — Калі пачынаецца ноч, багі спускаюцца на зямлю… Гэта багі ночы… Часам яны ідуць у горад. Ходзяць сярод людзей і выглядаюць як людзі. Толькі па вачах можна іх пазнаць, бо гавораць яны звычайна… Але яны сумныя і самотныя. Так на зямлі…

Ён змоўк. Ударыў нагой у вогнішча, і іскры пасыпаліся ўгару, а водбліск полымя заліў яго бледны натхнёны твар. Раптам ён павярнуўся да дрэваў: