Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 114
Сергей Песецкий
— Вы, багі ночы і лесу! Вы моцныя і неўміручыя! Але перад гэтай прыродай я большы ад вас! Вы тут, бо ў вас такі абавязак. А я тут, бо я так хачу! Не, ня вы — мы багі ночы! Мы ў сваіх руках нясём сьмерць, а ў сэрцах — пагарду да яе! А вы хоць і неўміручыя, ваша ўлада канчаецца з надыходам дня. Да наступнай ночы. Як і ноч, вы канаеце ў тумане золку. Таму калі мы не вышэйшыя за вас, дык роўныя вам!
Раману здавалася, што ён чуе шолахі й шэпты ў гушчары лесу. Ілюзія была настолькі моцная, што ён дастаў з кішэні парабэлюм. А Харэўскі, крывячы вусны, глядзеў кудысьці на верхалазы дрэваў. Ніжняя частка яго твару была чырвоная ад сполахаў полымя, а вочы патаналі ў ночы і зорках, чый бліск зь неба адбіваўся на чорнай роўнядзі возера.
ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ
Аднак какаін мне падабаецца. Ён не паралізуе волі, не зьмяншае здольнасьці да працы, наадварот, павялічвае яе. Ён адкрывае такія глыбокія думкі, якіх мы ў сабе не ўсьведамляем. Толькі працьверазеўшы, я гэта зразумеў. А сьвет робіцца сапраўды цудоўным, і ўсё такое простае, лягічнае, яснае. Харэўскі даў мне пяць парашкоў какаіну.
Дастаю аркуш паперы, на якім сябар накрэсьліў пры вогнішчы верш. Ён напісаў яго, не задумваючыся. Тады гэты верш падаўся мне прыгожым. Прачытаўшы два разы, я запомніў яго назаўсёды:
Шкада, што я не папрасіў яго пісаць далей. Харэўскі прапанаваў, каб я пайшоў да яго. Аднак я пайшоў да Наташы. Па дарозе я адчуў стому. Хацеў быў зноў ужыць какаіну, але збаяўся, што дзяўчына заўважыць мой ненармальны стан. Зрэшты, я хацеў паспаць, бо мяне агарнула стома. Гэта рэакцыя.
Я ўвайшоў у садок дому, у якім жыве Наташа. Ад ракі поўз туман. Лісьце дрэваў было мокрае і цёмнае.
Зазірнуў у акно спальні Наташы і Любы. Фіранка была захінутая. На кручку вісеў ручнік. Знак, што ўсё ў парадку.
Я пастукаў у шыбу. Некалькі разоў па два ўдары. Неўзабаве Наташа адсунула фіранку і адчыніла акно. Я ўлез у пакой. Было яшчэ рана. Я сказаў дзяўчыне, што вельмі стаміўся і хачу спаць. Наташа саступіла мне свой ложак, а сама легла зь Любай. Ні аб чым мяне не распытвала. Сказала толькі, каб я добра адпачыў, бо кепска выглядаю. Я спытаў яе, ці тут усё ў парадку і ці можна пачувацца бясьпечна. Дзяўчына ўсьміхнулася:
— У нас найбольш бясьпечна. У доме ад вуліцы жыве сакратар камісарыяту міліцыі і чыноўнік з ГПУ. Яны ведаюць, што Люба ненармальная, а я жыву з урокаў, і што да нас ніхто не наведваецца. Так што тут цалкам спакойна.
Я спаў вельмі доўга. Амаль да змроку. Пасьля павячэраў і паведаміў Наташы, што яе праца скончаная, але пакуль я не магу вывесьці іх у Польшчу, бо маю шмат спраў. Зрэшты, на пэўны час мне патрэбная іх кватэра. Наташа адказала, што яна зусім не сьпяшаецца. Сказала, што ахвотна будзе працаваць далей. Але я сказаў, што цяпер у мяне дастаткова часу і што я сам усё зраблю.
* * *
Я наведаў усіх інфарматараў. Быў у дарозе чатыры дні. Вельмі стаміўся, а яшчэ больш раззлаваўся. Задаволены толькі Марозавым. Гэты хоць не прыдумляе. Дае, што можа, але ўсё аўтэнтычнае і належным чынам пракамэнтаванае. Я расказаў яму пра пляны рэарганізацыі савецкага войска. Ён вельмі гэтым зацікавіўся. Сказаў, што мае сувязі ў Маскве і што калі я дам яму грошай на паездку, то ён паспрабуе ўведаць штось канкрэтнае, а можа, нават знойдзе магчымасьць зрабіць копію праекту. Я паабяцаў даць яму дастатковую суму грошай наступным разам.