Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 112
Сергей Песецкий
Хутка прынялі рашэньне і выбеглі ў поле. Тут было амаль сьветла. І нібы ім на злосьць неба зазьзяла зоркамі. Выбеглі на луг.
Адчулі куп’ё пад нагамі. Раман пару разоў затрымліваўся і страляў у салдатаў, якія беглі за імі і ўвесь час іх абстрэльвалі, але, відавочна, ня мелі да пагоні вялікага імпэту, бо адлегласьць паміж імі не зьмяншалася, а павялічвалася.
Раптам Харэўскі вылаяўся. Сябры апынуліся на беразе досыць шырокага ручая са стромым процілеглым берагам. Харэўскі ўзяў колькі крокаў разьбегу і скочыў — няўдала. Сарваўся зь берагу і апынуўся ў вадзе па шыю. Чапляючыся за кусты лазьняку, пачаў вылазіць на пакручасты бераг. Тым часам Раман лёг і страляў у перасьледнікаў. Пагоня затрымалася. Мабыць, там падумалі, што яны абодва параненыя і будуць абараняцца. Салдаты залеглі ў полі і пачалі страляць. Раман апаражніў ужо тры магазіны і ўбіў у рукаяць чацьвёрты. У гэты момант ён заўважыў, што некалькі чалавек абыходзяць іх зьлева і зьбіраюцца перайсьці рачулку. Перасьледнікі, адгадаўшы іх намер, хацелі перашкодзіць пераправе.
Раман пачуў голас Харэўскага:
— Я ўжо пераправіўся. Кінь ім пару апэльсінаў, вазьмі вялікі разьбег і скачы. Я падам табе руку.
Раман зьняў з рэменя дзьве гранаты, сарваў засьцерагальныя колцы і, выпростваючыся, кінуў іх у кірунку ўспышак стрэлаў. Пасьля выбухаў гранат страляніна сьціхла. Нехта застагнаў.
Раман хапатліва разьбегся і скочыў, але няўдала адштурхнуўся. Зямля ссунулася пад яго нагой, і ён бокам зваліўся ў ваду.
Похапкам ён дабраўся да другога берагу. Харэўскі дапамог яму вылезьці з вады.
Вінтоўкі трашчалі яшчэ часьцей. Тарахцеў сьвісток. Збоку сьвяціў ліхтар — там перапраўляліся цераз рэчку. Раман, хаваючыся за паласой лазьняку, пабег туды і з адлегласьці пары дзясяткаў крокаў кінуў трэцюю гранату, стараючыся дакладна разьлічыць кідок, каб яна выбухнула ў паветры. Цяпер у яго засталася толькі адна граната.
Выбух вырваў з рэчкі слуп вады і гразі. Пачулася лаянка. Ліхтар згас. Раман і Харэўскі, запэцканыя ў гразь, зьмерзлыя, пабеглі ў бок лесу. Праз пэўны час яны пайшлі паволі, ужо не асьцерагаючыся пагоні. Харэўскі сказаў:
— Цяпер няма чаго ісьці ў лес, бо калі яны перабяруцца праз рэчку, якраз туды і пойдуць.
Сябры зьмянілі кірунак і пайшлі палямі проста на ўсход. Раман заўважыў, што Харэўскі расшпіліў гімнасьцёрку і трымае левую руку на шыі.
— Ты ўдарыўся? Баліць?
— Не. Куля драпнула, — ён паказаў чорную ад крыві хустачку, якую прыціскаў да раны.
Раман занепакоіўся. Хацеў зрабіць сябру перавязку, але той запэўніў яго, што так найлягчэй спыніць кроў.
Раман паглядзеў на гадзіньнік. Была толькі адзінаццатая, а яны ўжо прайшлі амаль палову дарогі.
— Ведаеш што, — сказаў Харэўскі, — увойдзем у Менск праз Слабодку.