Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 111

Сергей Песецкий

Беражок сонца паказаўся неспадзявана і паволі рос, пакуль не зьявілася вялікае чырвонае кола. Усьпінаючыся ўверх, яно зьмяншалася, чырвань яго гасла, пакуль кола не зазьзяла зыркім сьвятлом.

Зыгмунт усьміхнуўся. Праз імгненьне ён сказаў ціха:

— Гэта ж цуд. І мы гэта бачым. Ці зразумее гэта месьціч? Ці ўбачыць калі-небудзь такое сонца? Глядзі, якое яно: залатое, цёплае, вясёлае… А якая раса! Такіх каштоўнасьцяў няма ў ніводным скарбе на сьвеце. А колькі птушак! Мільёны!.. Граюць разам зь ветрам і лесам… Што за музыка! Забудзешся, што жывеш.

Раман уздыхнуў.

2

Сябры правялі ў лесе дзень. Спалі па чарзе. Вечарам вычысьцілі зброю. А калі паміж дрэваў пачаў апускацца змрок, пайшлі лесам у кірунку тракту. Там яшчэ было сьветла. Сутоньне толькі пачало гасіць неба і запаліла першую зорку — самотную, цікавую.

Сябры пайшлі ўскрайкам тракту, побач зь лесам. Сьцежка была цьвёрдая, і іх крокі было чуваць далёка. Зрэшты, не спадзеючыся тут нікога сустрэць, яны ішлі безь ніякіх захадаў бясьпекі. Раптам Раман зацеміў за пару дзясяткаў крокаў двух вершнікаў. Першая думка была: адысьці ў лес. Аднак ён убачыў, што тыя двое глядзяць у іх кірунку, і ішоў далей, зрабіўшы як мага больш абыякавы выраз твару і тупаючы яшчэ гучней. Толькі сказаў сябру, не абяртаючыся:

— Робіцца халодна.

Той кінуў коратка:

— Так.

Праўдападобна, кавалерысты нейкі час таму спыніліся паблізу і нешта назіралі. Таму сябры не пачулі іх раней. Затое здалёк, адтуль, дзе канчаўся лес і пачыналася вялікая прастора палёў, чуваць было тупат коней.

Раман, абыякава зірнуўшы на вершнікаў, мінуў іх і ішоў далей. Левай рукой, праз прарэз у кішэні курткі, ён сьціскаў дзяржальна рэвальвэра. Аддаліўшыся на некалькі крокаў, ён пачуў голас:

— Чакайце, калі ласка!

Раман хутка абярнуўся.

— У чым справа?

— Вы адкуль, таварышы?

— Зь мяжы. Суправаджалі пераход нашых агентаў. Мы з «Разьведупра».

— Вашы дакумэнты, калі ласка.

— Калі ласка.

Раман хутка скіраваўся да вершніка. Правай рукой ён расшпільваў куртку, нібыта хацеў дастаць дакумэнты. Левая была гатовая выхапіць з кішэні рэвальвэр. У гэты момант ззаду грымнулі два стрэлы. Конь вершніка, які быў перад Раманам, скочыў убок, ледзь не зваліўшы яго. Другі вершнік валачыўся за канём, які імчаў у кірунку мяжы, нага засела ў стрэмені. Першы паваліўся на зямлю і перакульваўся ў дарожным пыле. Раману ўжо ня трэба было страляць. Тупат коней нарастаў, і ў любы момант маглі паказацца іншыя вершнікі, якіх, відаць, было шмат.

Сябры пераскочылі роў, які аддзяляў тракт ад лесу, і пабеглі між дрэваў. Нельга было губляць часу, бо ззаду грымелі стрэлы. Азірнуўшыся, сябры ўбачылі абрысы людзей, якія беглі ў іх бок. Іх было шмат. Яны трымаліся разам. Добра было толькі, што рабілася ўсё цямней.

Раман і Харэўскі скіраваліся ў глыб пералеску, імкнучыся дабрацца да вялікага лесу. Празь некалькі хвілін яны ўбачылі, што пералесак радзее. Вузкая паласа дрэваў, якая злучала пералесак зь лесам, была адрэзаная, бо якраз адтуль ішлі іх перасьледнікі. Заставаўся выбар: альбо адступаць уздоўж лесу да канца пералеску, альбо выбегчы на палі і спрабаваць дабрацца да вялікага лесу, які быў ня надта далёка. Найгоршае было тое, што яны ня ведалі дакладна гэтых мясьцінаў.