Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 110

Сергей Песецкий

Яны не адказвалі. Дый адказ быў непатрэбны. На сьпінах мужчын былі вялікія мяхі. Адразу відаць — кантрабандысты. Раптам апошні зь іх пачаў уцякаць. Сьпярша Раман кінуўся быў за ім, але падумаў, што пакуль зловіць аднаго, гэтыя трое ўцякуць. Вярнуўся і загадаў кантрабандыстам кінуць ношы. Яны хапатліва гэта зрабілі.

— У вас ёсьць грошы? — спытаў іх Раман.

Яны пачалі даставаць з кішэняў залатыя і срэбныя манеты. Было іх няшмат.

— Чый тавар? Жыда? — спытаў іх Раман.

— Так, таварыш.

— А грошы?

— Грошы нашыя.

— Што ў мяхах?

— Гузікі і зайцы.

— Якія зайцы?

— Вугорскія… Скуркі такія.

— Хочаце дадому ці ў ГПУ?

— Дадому, таварыш. Будзьце так ласкавы. Зь нястачы працуем. Мы толькі кантрабандысты, а ніякіх там іншых спраў ня маем.

— Колькі каштуе гэты тавар?

— Вельмі шмат. Гэта дарагі тавар.

— Ну добра. Валіце дадому. Чакайце. Вось вашы грошы.

Раман застаўся адзін. Ён паспрабаваў падняць адзін мех і зьдзівіўся, што ён такі цяжкі. Цягнуць яго далёка было б вельмі нялёгка. Раман ня ведаў, што рабіць з гэтымі мяхамі. Пайшоў шукаць зручнае месца для схову. Знайшоў яго досыць далёка. Гэта была вузкая, доўгая лагчына. У самім яе нізе бегла рачулка. У шмат якіх месцах бялелі косьці — сьляды воўчых бясед. Раман знайшоў вялізны, зарослы пустазельлем выварат. Беручы па адным мяху, хутка пазаносіў іх у выварат. Калі ўсе мяхі былі на месцы, ён пачаў падкопваць стромкі бераг. Работа ішла цяжка. Перашкаджала карэньне дрэваў. Даводзілася пераразаць карані нажом. Урэшце Раман засунуў усе мяхі ў зробленую ім нішу і прысыпаў яе ламаччам і мохам. Агледзеў, ці не засталося сьлядоў, і хутка рушыў у далейшую дарогу.

Мінуўшы трэці ад мяжы мост, Раман збочыў налева, на вузкую паласу лугу ўздоўж рачулкі. Пачынала сьвітаць. Клубы туману, што сабраліся над вадой, папаўзьлі на луг. Раман ішоў усё хутчэй. З правага боку бліснула сьвятло з вокнаў хутару Абрамовіча. На шэрым фоне неба Раман распазнаў чорныя абрысы будынку.

Забрахаў сабака. Нехта грымнуў дзьвярыма. Пачуўся сьвіст. Раман спраўдзіў зброю, але ішоў наперад усё хутчэй. Урэшце ўбачыў кладку, што перасякала шэрую хмару туману. Паволі пайшоў па сьлізкіх бярвёнах. На другім баку рачулкі агледзеўся наўкола, але нічога ня ўбачыў. Прысеў і паглядзеў зьнізу. Убачыў купку альшын і пайшоў у той бок. Раптам паблізу пачуўся голас:

— Вітаю, вітаю! Я ўжо ледзьве не заснуў.

Зь зямлі ўзьняўся Харэўскі. Ён расьціраў зьмерзлыя далоні.

— Даўно чакаеш?

— Больш за гадзіну.

— Раней ня мог. Злавіў трох кантрабандыстаў, трэба было схаваць іх тавар.

— Я ўжо думаў, што з табой бяда. Але вырашыў пачакаць яшчэ гадзіну.

— А ты як прайшоў мяжу?

— Калі ты пайшоў, яны яшчэ больш за гадзіну чакалі. Урэшце знудзіліся і пайшлі. Тады я перайшоў мяжу.

Сябры рушылі ў лес. Прайшлі празь яго на другі бок і ўбачылі адкрытую прастору. Селі чакаць усходу сонца.

Ускраек гарызонту зьлёгку пачырванеў. Пасьля направа й налева паплыла бледна-залатая смуга, амаль жоўтая ўверсе, усё глыбей укліньваючыся ў шэры фон неба. Яна расплывалася ўсё шырэй і вышэй, аж урэшце заліла чвэртку неба і пачала палымнець зьнізу. Тады паружавелі высокія хмары, а ўнізе ўспыхнула пурпуровае праменьне. Гарызонт пачаў аддаляцца, а ўверсе шэрань неба зьмянілася на сакавіты блакіт. Толькі тады чырвань заліла далягляд і паплыла да хмараў.