Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 109
Сергей Песецкий
— Ведаю.
— А налева ад хутару ёсьць кладка праз рачулку. Два бервяны.
— Таксама ведаю.
— За той кладкай сустрэнемся. Там алешнік, а далей лес. Чакай да раніцы.
— Добра.
Раман выйшаў на сярэдзіну тракту на польскім баку. Зьняў з засьцерагальніка парабэлюм, у левую руку ўзяў ліхтар, спраўдзіў гранаты і магазіны, зашпіліў куртку і ціха пайшоў крок за крокам сярэдзінай дарогі. Ішоў, зьлёгку прыгінаючыся. Кожны крок рабіў паволі. Стараўся не варушыць рукамі, каб скура рукавоў не шаргатала аб куртку.
Раман адчуў вільгаць пад нагой. Пайшоў яшчэ павольней. Гэтая частка дарогі была найнебясьпечнейшая. Найменшы пляскат мог зьвярнуць увагу салдатаў, што падпільноўвалі на тым беразе, выклікаць асьвятленьне пражэктарамі і стрэлы. Раман увесь час чуў паблізу падазроныя гукі — сапраўдныя і ўяўныя.
Рачулку ён перайшоў, нізка прыгінаючыся. Паволі, крок за крокам, амаль не адрываючы ног ад дна. На беразе колькі сэкунд пачакаў, каб сьцякла вада са штаноў і шкарпэтак. Пасьля ціха рушыў далей. Зрабіўшы колькі соцень крокаў за ракой, пачуўся ў большай бясьпецы і пайшоў трохі хутчэй. Раману стала прыкра, што ён кінуў сябра, але ён суцяшаў сябе тым, што той «сам вінаваты».
Праз пэўны час Раман пачуў перад сабой шум. Спыніўся. Распазнаў крокі некалькіх чалавек. Ён ня мог зарыентавацца, дзе яны. Пачаў паволі ісьці налева. Дайшоў да ўскрайку лесу. Там стаў за сасной. Шум не сьціхаў, але ніхто не ішоў. Раман чакаў каля чвэрткі гадзіны, пасьля выйшаў на сьцежку побач з трактам і пайшоў далей. Не прайшоўшы дваццаці крокаў, убачыў, што цемру перад ім працяла на момант зыркая іскра. Раман спыніўся. Зразумеў, у чым справа, толькі тады, калі адчуў дым махоркі. Паблізу былі салдаты.
Далей Раман пайшоў толькі пасьля таго, як выразна пачуў галасы салдатаў, што сядзелі на ўскрайку лесу зь левага боку. Тады ён рушыў наперад правым бокам дарогі.
На другой лініі Раман хацеў абмінуць мост, бо хоць на ім не было сталага паста, там мог быць вартаўнік, які пільнаваў гэты адцінак. У час успомніў, што яны дамовіліся ісьці трактам, і пайшоў на мост.
Раман ішоў бязгучна. Унізе шумела рака. На мосьце нікога не было. Далей Раман пайшоў вельмі хутка, бо дарога была адносна бясьпечная. Абмінуў зьлева малы дамок, у якім летась была вартоўня, і скіраваўся да ўскрайку лесу. Сеў на пянёк, зьняў шкарпэткі, выкруціў іх і схаваў у кішэнь, а чаравікі надзеў набасанож.
Ён рушыў далей. Рэвальвэр і ліхтар увесь час трымаў у руках, як звычайна ўначы на памежжы ці ў небясьпечных месцах. Ён ішоў усё хутчэй. Прамінуў яшчэ адзін масток. Перайшоў наўскос шырокую паляну і пайшоў сьцежкай паміж дрэваў, што навісалі па-над схілам лагчыны. На яе стромкім краі Раман на імгненьне спыніўся. Паглядзеў уніз, і яму здалося, што там штосьці варухнулася. Раман стаяў нерухома. Доўга прыслухоўваўся. Ціша. Тады ён хутка зрабіў зь дзясятак крокаў наперад і неспадзявана ўбачыў проста перад сабой невыразны абрыс чалавечай постаці. Ён ледзь ня стрэліў. Уключыў ліхтар і ўбачыў чатырох мужчын, апранутых па-цывільнаму.
— Хто вы? — спытаў ён.