Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 108

Сергей Песецкий

— Пачакай тут. Я праверу пераход і вярнуся. Глядзі на кусты — неяк там падазрона.

Харэўскі выйшаў зь лесу на памежную сьцежку і ціха, лёгка пайшоў да рачулкі. Раман, напружваючы зрок, глядзеў у бок кустоў. Раптам яму здалося, што ў адным месцы галіны варухнуліся. Ён падумаў, што гэта зман, і пачаў углядацца пільней. Тады ён убачыў, што ўвесь мысок паволі сплывае ўніз. Зірнуў на Харэўскага, які прамінуў штабелі і наблізіўся да рачулкі. Трэснула галінка пад яго нагой і амаль адразу грымнуў стрэл. Харэўскі прысеў. Ад кустоў аддзяліліся дзьве шэрыя постаці. Здавалася, што гэта цёмныя хвойкі бягуць з лесу да вады. Раман пачаў хапатліва страляць у іх. Салдаты кінуліся ў бакі, пасьля назад — у лес. Праз імгненьне адтуль пачуліся стрэлы. Раман, прыгінаючыся, зьбег да рачулкі. Убачыў Харэўскага, які сядзеў на пяньку і глядзеў у бок лесу за рачулкай.

— Ты не паранены? — спытаў яго Раман.

— Не, — адказаў Зыгмунт. — Чакаю, пакуль ім гэта надакучыць.

Але чырвонаармейцам страляніна не надакучыла. Неўзабаве ў лесе пачуліся шматлікія галасы. Відавочна, прыйшлі яшчэ салдаты. Раптам змрок працяла яркая паласа сьвятла. Яна паўзла па пяску, па дрэвах, па кустах. Тады сябры адступілі да мяжы і зноў залеглі ў кустах на ўскрайку лесу.

— Хадзем, Зыгмунт, у якім іншым месцы, — сказаў Раман.

— Пройдзем і тут. Хай супакояцца.

— Шкада часу.

— Затое трактам зручней.

— Гэта ўжо дурасьць! — раззлаваўся Раман.

— Як хочаш. Можаш ісьці ў якім іншым месцы. Я перайду тут. Я іншых дарог і ня ведаю зусім.

— Але я ведаю шмат.

— Дык ідзі… Навошта мне гэтыя клопаты! Цябе заб’юць, а я буду лазіць у цемры. Тут лепш за ўсё. Столькі разоў хадзіў, і нічога са мной ня здарылася.

Раман застаўся з таварышам.

Міналі гадзіны, а дарога была закрытая. Чуваць было шолахі і ціхі шэпт. Часам шаргаталі на пяску асьцярожныя крокі людзей, што пераходзілі цераз тракт. Раман паглядзеў на гадзіньнік. Фасфарэсцэнтная стрэлка паказвала палову на дванаццатую. Ён паведаміў гэта сябру. Зыгмунт адказаў:

— Ты нудзішся. Дык кладзіся і сьпі. Калі ўсё будзе ціха, я цябе абуджу.

Раман толькі плюнуў са злосьці.

— Ты псыхапат! Маньяк! Ці мала дарог? Гэта дурасьць, і ўсё. Калі хочаш абавязкова ісьці напралом, дык ідзі! Я тут усю ноч гніць ня буду… Тракт яму падавай! Роўную дарогу!.. Амбітнасьць гэта твая, што толькі трактам ходзіш.

Раптам ён пачуў, што Харэўскі сьмяецца. Яму здалося, што гэта хтосьці іншы, якісьці дух з глыбіні лесу, а ня Зыгмунт. Пасьля пачуў яго голас:

— Праўду кажаш. Але іначай як трактам не пайду.

Раман сеў і пачаў здымаць чаравікі.

— Ты можаш ісьці трактам і за тыдзень. А я, каб ты не падумаў, што я баюся, іду зараз! І больш з табой празь мяжу — аніколі! Амінь.

Ён сунуў чаравікі за рэмень і хацеў рушыць наперад. Харэўскі схапіў яго за плячо і прыцягнуў да сябе. Пачаў гаварыць шэптам:

— Добра. Паглядзім, хто хутчэй дойдзе. Ведаеш трэці мост? Далей, зьлева, хутар Абрамовіча.