Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 107
Сергей Песецкий
Сёньня правялі з Харэўскім нараду. Мне надарылася магчымасьць зарабіць колькі соцень даляраў. Нельга было яе ўпусьціць, бо мне вельмі патрэбныя былі грошы. Урэшце вырашылі, што Кралевіч ня пойдзе са мной за мяжу. Ён застанецца ў Ракаве і зробіць тую справу. А я пайду на выведку разам з Харэўскім, і калі ня стане штосьці на перашкодзе, то мы вернемся разам.
VIII
БАГОМ НОЧЫ РОЎНЫЯ
Па бясконцасьці, усеянай мноствам сьвяцілу
Згубленая, як атам, нязьведаная, самотная,
Лічаныя дні глыба пад назвай Зямля
Ляціць са сваімі насельнікамі паўз прасьцягі.
Ляфорг,
«Пасрэднасьць»
1
З правага боку, за купай соснаў на ўзгорку ўздымаўся пурпуровы сьлед ад заходу сонца. Зямля і лес патыхалі сьпёкаю дня. Паветра было насычанае водарам смалы. А на ўсходзе цяжка зьвісалі нябесныя Гімалаі хмараў.
Раман і Харэўскі ляжалі ў кустах на ўскрайку лесу, каля самага тракту. За некалькі крокаў ад іх, перацінаючы дарогу, бегла памежная паласа, трохі далей уліваючыся ў вузкую браму, якую ўтваралі, два слупы. Прыяцелі ўважліва назіралі тэрыторыю на савецкім баку.
Тракт зь мяжы спаўзаў па схіле ўзгорку і патанаў у рачулцы. Зь левага боку зарослы пустазельлем роў глыбока ўкліньваўся на прылеглую тэрыторыю. Моста на рацэ не было. Засталіся толькі пара пачарнелых, спарахнелых бярвёнаў і рэшткі гнілых дошак. На другім баку рачулкі тракт значна пашыраўся і роўна бег далей уздоўж цёмнай сьцяны лесу.
Найбольш цікавіў іх левы бок тракту, побач з ровам. Тут мясцовасьць дужа зьніжалася і было відаць два вялікія штабелі драўніны. А некалькі крокаў за рачулкай мыском вылучалася зь лесу купа кустоў.
Сябры чакалі змроку, каб перайсьці мяжу. З паслугаў памежнай варты яны не карысталіся. Яны меркавалі, што так найбольш бясьпечна і найменей клапатліва.
Доўгія цені дрэваў перабягалі прасеку і губляліся ў лесе на другім баку ракі. Раптам Раман сказаў:
— Я ня выпрабаваў парабэлюм. У мяне новы. Тосік падарыў.
— Выпрабуеш на бальшавіцкай галаве, — адказаў Харэўскі.
Аднекуль здалёк пачуўся тупат коней. Праз пару хвілін на тракце з савецкага боку зьявіліся тры кавалерысты. Не спускаючыся да рачулкі, яны доўга маячылі ў надыходзячым змроку на шэрым фоне дарогі. Паглядалі на польскі бок.
— Эх, зараз бы кулямёт! — уздыхнуў Харэўскі.
Вершнікі павярнулі коней і пачалі аддаляцца трактам. Відаць было дзьве белыя плямы і адну чорную, што дрыжалі ў шэрай пэрспэктыве дарогі. Урэшце яны зьніклі з вачэй.
Харэўскі ўстаў. Ён быў ва ўніформе савецкага афіцэра пяхоты. На рукаве гімнасьцёркі два кубікі. На рэмені наган. Раман быў у чорнай скураной куртцы і скураной шапцы, на аколку якой чырванела маленькая пяціканцовая зорка. Раман дастаў з кішэні курткі гранаты і паўтыкаў іх дзяржаламі за рэмень. Магазіны сунуў у левую кішэнь, а парабэлюм у правую.
Харэўскі выцягнуў наган з похвы. Дзьмухнуў у рулю. Раман убачыў у гнёздах барабана зялёныя колцы гільзаў: патроны былі атрутныя. Харэўскі заўжды меў у нагане сем атрутных куляў і ніколі не страляў дарма ці для грозьбы.
Змрок гусьцеў. Лес, здавалася, адплываў удалечыню. Харэўскі паправіў шапку, зашпіліў кабуру нагана і ссунуў яго назад. Пасьля, паказваючы рэвальвэрам на штабелі драўніны, сказаў: