Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 106

Сергей Песецкий

Нядаўна я даведаўся, што Рэвалюцыйны Ваенны Савет Рэспублікі рыхтуе строга сакрэтны загад аб рэарганізацыі Чырвонай Арміі. Я ўжо чуў пра гэта ў красавіку, але толькі цяпер праз пасярэдніцтва аднаго інфарматара атрымаў зьвесткі аб тым, што такі загад існуе. Прынцыпы, на якіх ён грунтуецца, у нас ведаюць, але патрэбная аўтэнтычная копія. Мабыць, ужо некалькі агентаў маюць заданьне здабыць праект гэтага загаду, але я хацеў бы быць першым, хто яго дастане. Трэба заняцца гэтай справай, хаця тут яўна будзе шмат цяжкасьцяў.

Гадую сабе вусы. З валасамі было шмат клопату. Я хацеў пафарбаваць іх у чорны колер. Пайшоў да выдатнага цырульніка. Ён корпаўся з гадзіну, тады сказаў мне, што цяпер будзе дасканала. Але калі я памыў галаву, убачыў, што паўсюль сьвецяцца жоўтыя пасмы. Вярнуўся да цырульніка і насварыўся на яго. Ён сказаў, што гэта можна выправіць, што ён купіць нейкую дасканалую фарбу. Зноў узяўся за работу. Пасьля сказаў мне ня мыць валасоў да раніцы. Калі на наступны дзень я памыў галаву, высушыў і расчасаў валасы, то аж спалохаўся. Яны былі ненатуральна чорныя, нават адлівалі зеленаватым адценьнем. Адразу кідалася ў вочы, што фарбаваныя. Давялося астрыгчы іх.

Ракаў, 7 жніўня 1923 г.

Учора прыехалі разам з Тонькам у Ракаў. Спыніліся ў кватэры Паланева, таксама агента выведкі. Ён быў у Саветах. Нас прыняла яго жонка, Лена. Для нас было неспадзяванкай застаць там Харэўскага. Ён ужо спаў, дык я не прасіў яго будзіць, бо будзе час паразмаўляць заўтра.

Я шкадаваў, што не застаў дома Паланева. Хацеў пазнаёміцца зь ім, бо чуў пра яго шмат добрага ад калегаў. Паланеў вельмі нешчасьлівы. Ягоная жонка — німфаманка, і ён праз гэта вельмі пакутуе. Сябры яму раілі кінуць яе, але ён ня можа, бо вельмі яе кахае. Баіцца, што яна безь ягонай апекі прападзе. Маўляў, ён хоча забясьпечыць яе існаваньне і толькі потым яе кіне. Ён цярпліва зносіў тое, што Лена кепска сябе паводзіла, і нават не папракаў яе. Толькі прасіў яе прытрымлівацца прыстойнасьці. А сам піў і шалёна працаваў. Калі ня быў на выведцы, займаўся кантрабандай. І добра зарабляў, каб толькі Лена, калі яго заб’юць, не апынулася ў нястачы. Казаў, што яна яго кахае, але ня можа сябе кантраляваць. Пазьней я сам пераканаўся, што Паланева, нягледзячы ні на што, вельмі любіла мужа.

Лена падала нам гарбаты. Тосік скрывіўся і папрасіў гарэлкі. Яна прынесла графін вішнёўкі і даліла туды сьпірту. Я прыгледзеўся да яе лепей. Яна была сярэдняга росту, худая, у яе былі сьветлыя валасы, цёмныя бровы, сінія вочы і вельмі малыя вусны. Голас яе быў нізкі, нібы прыглушаны і хрыпаты. Яна выглядала на дзяўчыну гадоў 19, а ёй было за 30. Увесь час усьміхалася і мружыла вочы.