Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 105
Сергей Песецкий
Тонька адчувае мой стан, хоць не разумее толкам яго прычын. Ён робіць, што толькі можа, каб мне было лягчэй. Блазнуе як ніколі. Вынаходзіць розныя заняткі. Знаёміць мяне з разнастайнымі людзьмі. Але ўсё гэта ня можа вырваць мяне з той пустэчы, у якую я правальваюся ўсё глыбей. Адно толькі ўмацоўвае мяне — што я выканаў усе яе жаданьні. Нават тое апошняе, што так страшна мне баліць.
Апошні раз я бачыў Лізку ў панядзелак 23 ліпеня. Апошні раз! Як гэта страшна! Гэта канец усяго! І ўжо ніколі я яе ня ўбачу, не пачую яе голасу, не пагляджу ёй у вочы!
Не магу болей пісаць.
Учора вечарам да мяне прыйшоў Тонька. У яго была такая ўрачыстая фізіяномія. Ён падышоў да мяне і падаў руку:
— Віншую цябе, Ромка, і зычу, каб і надалей усё было як найлепей.
— Не разумею, з чым ты мяне віншуеш?
— Пачынаецца другі год тваёй працы выведніка. Ты казаў, што першы раз перасёк мяжу 5 жніўня 22 году.
— Сапраўды. Шчыра дзякую. У мяне зусім вылецела з галавы.
Тонька прынёс мне падарунак — прыгожы навюткі пісталет парабэлюм. Ведае сябар, чым мне зрабіць прыемнасьць.
Мне цяжка паверыць, што я ўсяго год працую ў выведцы. Столькі было падзеяў, столькі я бачыў трагедыяў, так шмат прыгодаў перажыў. Папросту не зьмяшчаецца ў галаве, што ўсё гэта магло здарыцца цягам аднаго году. Колькі сяброў ужо загінула! Колькі разоў я быў на валасок ад сьмерці! І ўсё-ткі я жыву і працягваю працаваць. Толькі псыхіку я цяпер маю трохі іншую, бо гэта не мінае бязь сьледу. І вялікі практычны досьвед. Тое, што я калісьці рабіў інстынктыўна, цяпер раблю свабодна, сьвядома, безь ніякіх намаганьняў.
Раней у мяне былі здаравейшыя нэрвы, затое цяпер я лепей умею трымаць сябе ў руках. Раней кожны пераход мяжы выклікаў у мяне шмат эмоцый. Цяпер іду цьвяроза, не чакаю ніякіх неспадзяванак, бо заўсёды ведаю, што мяне чакае. І ведаю, што я зраблю ў любым выпадку. Што са мной можа здарыцца? На кулі адкажу кулямі. Калі мяне параняць, то як ня буду здольны адступіць ці біцца далей — даб’ю сябе сам. Жывым мяне ня возьмуць ніколі. А калі нават так бы сталася, таксама ёсьць выйсьце — самагубства. Я знаю некалькі спосабаў зрабіць сабе сьмерць, ня маючы абсалютна ніякай зброі, ані атруты. Таму я гаспадар сябе. Пагатоў цяпер, калі нішто ўжо ня зьвязвае мяне з жыцьцём. А калі я загіну, маё месца заступяць іншыя. Пойдуць маімі сьцежкамі, і я буду працаваць далей. Толькі адна рэч засталася ўва мне з тых часоў — прага ўсё больш складанай гульні. А гульня робіцца ўсё лягчэйшая, таньнейшая. Аднак гэтая прага жыве ўва мне і прымушае ўвесь час спадзявацца на нешта цікавае, новае, чаго я ня ведаў дагэтуль.
За гэты год я дужа разьвіў сваю назіральнасьць і памяць. Калі я на працы, нішто не выпадае з-пад маёй увагі. Я схопліваю і ацэньваю сытуацыю адным позіркам, а інстынкт заўжды падказвае мне, што зрабіць. І я здольны — і гэта найважнейшае — схаваць свае сапраўдныя намеры і думкі пад шалупіньнем словаў. Мая праца ўжо стаміла мяне. Стаміла, бо знудзіла. Калі б мне ўдалося дарвацца да вялікай справы, дзе трэба было б плесьці складаныя інтрыгі, то можа, гэта напоўніла б маё жыцьцё. А так — пачынаю губляць ахвоту да ўсяго.