Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 104

Сергей Песецкий

— Раман!

— Што?

— А як будзе з намі?

— Так, як ты хацела.

— Як я хацела?!

— Ты добра ведаеш, Ліза. Да пабачэньня. Зрэшты, прачытаеш. Там мой ліст да цябе і цыдулка ад Кусьціка. Табе прыдасца.

Раман шпарка пайшоў да брамкі.

— Ромачка! Хіба ж так разьвітваюцца? Раман, патлумач мне. Раман!

Раман абярнуўся. Спыніўся. Ён хацеў нешта сказаць, але толькі махнуў ёй рукой і выбег з падворку на вуліцу.

Доўга хадзіў бяз мэты па горадзе. У адным завулку паблізу Ніжняга рынку да яго наблізіўся нейкі абадранец і сказаў таямнічым, хрыплым шэптам:

— Можа, гарэліцы? Га?.. Ёсьць і дзяўчынкі. Грудзі — во! — ён паказаў паўмэтра перад сабой. — Хадзем? Што?

Раман увесь час глядзеў яму ў твар і ня мог зразумець, чаго гэты чалавек ад яго хоча. Раптам Раман зрабіў рух, нібы хацеў схапіць яго за горла. Абадранец адскочыў і пачаў уцякаць. З глыбіні завулка толькі гулка грукаталі яго крокі.

Раман зноў пайшоў па вуліцах. Зайшоў у Губэрнатарскі сад. Апынуўся ў алеі, у якой калісьці спаткаўся зь Лізкай. Сеў на той самай лаўцы і доўга сядзеў нерухома. Пасьля паліў папяросу за папяросай.

У пэўны момант у галаве зьявілася думка: «Што ж я раблю? Сёньня ж панядзелак. Прыйдзе Тонька. Можа, ён ужо чакае?»

Раман паглядзеў на гадзіньнік. Было некалькі хвілін па першай. Ён сьпехам пайшоў у кірунку Вайсковых могілак. У адной з алеяў убачыў Кралевіча, які ішоў яму насустрач. Сябры павіталіся.

— Даўно прыйшоў?

— Перад 12.00.

— Я ня мог раней прыйсьці. Колькі пільных спраў было.

Антон пачаў апавядаць Раману навіны. Той няўважліва слухаў, пасьля перарваў яго і сказаў:

— Пачакай з гэтым. Ці ты знаеш гэтую формулу: «Жыцьцё абсалютна нічога ня вартае, бо пачынаецца і канчаецца»?

— Я гэта і бяз формулы ведаю.

— Вось і мая праца скончаная.

— Я цябе не разумею.

— Вельмі проста. Пасылаю ўсё тут да чорта і сёньня ідзём у Польшчу. Буду працаваць, як раней.

— І я з табой?

— І ты.

Антон моцна паціснуў Раману руку:

— Нарэшце! Даўно ўжо трэба было так.

* * *

Лізка вярнулася ў свой пакой, запаліла лямпу, разгарнула паперу, у якую была абгорнута кніжка, і ўбачыла, што гэта яе дзёньнік. Кніжка выпала зь яе рук.

— …Што я зрабіла! — прашаптала дзяўчына.

Схілілася. Знайшла ліст Рамана і пачала хапатліва чытаць яго. Прачытала і апусьціла рукі. Раптам схапіла дзёньнік і пачала яго рваць. Лізка рабіла гэта гарачкава, хапатліва, нібы хацела чамусьці запабегчы. Пасьля яна ўткнулася галавой у падушку і пачала плакаць наўзрыд.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Берасьце, З жніўня 1923 г.

Не. Аднак я не зылгаў Лізцы. Я адчуваю, што я сапраўды памёр. Што загінула ўва мне штосьці найдаражэйшае, з чаго складалася вартасьць майго жыцьця. Засталася пустэча і абыякавасьць да ўсяго. Я адчуваю ў гэтым нейкую вялікую несправядлівасьць. Не магу пагадзіцца з тым, што некалькі дурных сказаў зь «Дзёньніка» ўсё зьнішчылі. А найгоршае — гэта ўсьведамленьне, што я сапраўды мог бы быць шчасьлівым і даць ёй такое шчасьце, якога ёй ніхто ня дасьць. І расьце, расьце шкадаваньне да сябе самога, да яе і да жыцьця, настолькі бессэнсоўнага.

Цяпер я жудасна шмат п’ю. Але гэта не дае спакою. Усьведамленьня, што гэта скончылася назаўжды, што вяртаньня няма, нічым ня можна забіць. Яно як тупы, хранічны боль. Сунімаецца. Часам забываецца. Аднак існуе стала і ўвесь час вяртаецца. І я п’ю, п’ю: тручуся алькаголем і тугой за страчанай назаўжды дзяўчынай.