Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 103

Сергей Песецкий

Пасьля Раман, мачаючы палец у фарбе, пачаў пісаць на сьценах дзяжуркі вялікімі літарамі:

ДАЛОЎ КАМУНІСТАЎ!

ХАЙ ЖЫВЕ ПЯТЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛ!

ЗЯМЛЮ — НЯБОЖЧЫКАМ!

ПРАЦУ — РАБОЧЫМ!

ПРЫБЫТАК — КАМІСАРАМ!

Потым ён напісаў на аркушы паперы:

Дарагія таварышы, тэхнікі, я — Кусьцін, інфарматар і правакатар ГПУ. Калі ласка, сьцеражацеся мяне!

Раман прымацаваў гэты аркуш да адзежы Кусьціка і старанна заткнуў яму рот. Пасьля ўключыў вэнтылятар. Зачыніў усе вокны. Урэшце ён вярнуўся да Кусьціка:

— Да пабачэньня, даражэнькі Шура. Раю табе выправіцца. Працуй, і ўсё. Больш нічога. Старкоў незадаволены, што ты яго ашукваеш. Калегі таксама, бо ты нягоднік. Я таксама, бо ты часам маеш рацыю. А навошта табе гэта ўсё?

Раман выйшаў зь дзяжуркі. Зачыніўшы дзьверы на ключ, ён скіраваўся да брамы. Чырвонаармеец, які стаяў на варце перад выхадам на вуліцу, адчыніў яму брамку. Раман даў яму папяросу і хутка пайшоў у цэнтар гораду.

2

Было па адзінаццатай, калі Раман увайшоў на падворак кватэры Брагіных. Панавала ціша. Месяц быў у першай чвэрці, але цудоўна асьвятляў ваколіцу.

Раман узьняўся на дыбкі і ціха пастукаў ў акно Лізінага пакою. Імгненьнем пазьней дзяўчына адкрыла акно і спытала шэптам:

— Гэта ты, Ромка?

— Я. Калі ласка, выйдзі на хвілінку.

— Я баюся разбудзіць нашых.

— Дык вылазь праз акно.

— Я не адзетая.

— Накінь нешта на сябе.

— Зараз.

Неўзабаве Лізка паволі спусьцілася з падаконьня і саскочыла на зямлю. Яна была басанож. Апранула паліто на кашулю. Яны адышлі ўглыб падворку і сталі ў цяні паветкі.

— Што сталася, Ромка? Дзе ты быў так доўга?

— Я выяжджаў на тры дні. Вяртаю табе «Сад пакутаў». Вялікі дзякуй. Страшэнна цікавая рэч.

— Ты толькі для гэтага мяне паклікаў? Ты нейкі дзіўны. А можа, зойдзеш да мяне?

— Не… Лізка, я толькі хачу разьвітацца.

— Як гэта разьвітацца?!

— Бо я зьяжджаю.

— Куды зьяжджаеш? Навошта?

— Яшчэ ня ведаю.

— Нічога не разумею.

— Даведаешся зь ліста. Ён у кніжцы.

— Што з табой, Рамане? Ты нейкі не такі, як заўсёды.

— Усё добра. Вельмі добра. Проста цудоўна!

— Але я нічога не разумею.

— І я нічога не разумею.

— Дык навошта ты са мной разьвітваешся? Калі ты вернешся?

— Ніколі не вярнуся. Да пабачэньня, Ліза, бо ў мяне няма часу. Я сьпяшаюся на вакзал.

— Але куды ты едзеш?

— Я ж кажу, што ня ведаю.

— Не, Ромка, ты альбо п’яны, альбо звар’яцеў!

— Праўду кажаш. Я напіўся і звар’яцеў. Але ты пастарайся заўжды быць цьвярозай і нармальнай. Да пабачэньня.