Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 102

Сергей Песецкий

— Тваё здароўе, Шура!

Калі гарэлку выпілі, Раман падышоў да дзьвярэй і зачыніў іх на ключ, кажучы:

— Каб нам не заміналі.

Кусьцін шчасьліва ўсьміхаўся.

Раман узяў аркуш паперы, паклаў яго на стол і даў калегу асадку.

— А цяпер, Шура, пішы пад дыктоўку…

— Што пісаць? — сказаў зьдзіўлены Кусьцін.

— Пішы так: Гэтым я сьведчу, што…

— і… сьведчу, што… — пісаў і паўтараў Кусьцін.

— …што ўсё, што я апавядаў пра Лізу Брагіну…

— …Лізу Брагіну…

— …хлусьня.

Кусьцін падхапіўся зь месца.

— Што-о?! Я гэтага пісаць ня буду!

— Дарагі мой Шура, будзеш. Абавязкова будзеш.

— Як гэта?.. Я не магу!

— Можаш, можаш, мой даражэнькі! Ты ўсё можаш! Ты сам ня ведаеш, які ты здольны! Ну, паспрабуй.

Кусьцін кінуў асадку на стол.

— Ня буду!

— Тады, дарагі Шура, я цябе пераканаю, што будзеш.

Раман дастаў рэвальвэр і сказаў ціха, паволі:

— Бяры асадку і пішы. Хутчэй, бо ведаеш, што ў гэтай рулі сядзіць: твая сьмерць.

Кусьцін дрыготкай рукой схапіў асадку і праенчыў:

— Што ж гэта такое?.. На гарэлку запрашае… А цяпер?..

— А цяпер пішы: хлусьня… Так. Толькі пішы выразна, а то я папраўлю. Далей: Я зрабіў гэта таму… Так, толькі роўна… што яна адрынула мае заляцаньні… Цяпер подпіс… Так. Цудоўна! А казаў, што ня можаш. Ты, дарагі мой, здольны хлопец. Цяпер кладзіся на канапу.

— Навошта?

— Адпачнеш. Супакоішся. Ну і пагутарым трохі па-сяброўску. А я тым часам падумаю, застрэліць цябе ці не. Разумееш, мой дарагі, сьмярдзіш ты страшна, але ж калі я цябе застрэлю, таксама прыемна пахнуць ня будзеш. Таму трэба разважыць.

На лбе Кусьціка зьявіліся кроплі поту. Ён увесь трымцеў. Спакой і ветлівасьць Рамана палохалі яго яшчэ больш.

— Ведаеш, навошта я гэта зрабіў, Шура? Каб ты больш не пляткарыў пра Лізку. Гэта ж бедная дзяўчына. Праўда?

— Праўда.

— Ну бачыш. Дык навошта табе гэта? А цяпер, дарагі сябра, я прывяжу цябе да канапы. Я не хачу цябе забіваць. Можа, ты яшчэ выправішся.

Раман прывязаў рукі і ногі Кусьціка тэлефонным кабелем да ножак канапы. Пасьля прывязаў усё тулава так, каб Кусьцін ня мог рухацца, лежачы. Урэшце прымацаваў ножкі канапы да падстаўкі дынама-машыны. Пасьля прынёс слоік фарбы і сказаў:

— Памятаеш, Шура, як мы перакулілі фарбу наверсе і я рукі запэцкаў? Дык вось цяпер я цябе трохі запэцкаю. Ніколі ня бачыў мурына. Хачу паглядзець, як ён выглядае.

Раман шчодра намазаў фарбай твар Кусьціка.

— Сапраўды цудоўна выглядаеш! Шкада, што ты не нарадзіўся ў Афрыцы… Ведаеш, Шура, што са мной нядаўна здарылася?

— Не, — выдушыў зь сябе Кусьцін.

— Я звар’яцеў. Разумееш? Так што мне ўжо капцы. Зусім з глуздоў вылузнуўся! Таму й не магу рашыць: застрэліць цябе ці не?

Кусьцін загаварыў умольным голасам:

— Я ж зрабіў усё, што ты хацеў. Ты абяцаў, што не застрэліш… І ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў…

— Ну, добра, — сказаў Раман, — пакіну табе жыцьцё, але дай мне слова, што ня будзеш больш нікому шкодзіць.

— Клянуся.

— Ну, добра, веру. А ведаеш, чаму веру? Таму, што калі ты слова не стрымаеш, то я цябе застрэлю. Разумееш: я вар’ят. А кожны вар’ят, калі нечага канечне захоча, то альбо здохне, альбо свайго даб’ецца. І ведаеш, нявыгадна табе гэта. Я нядаўна размаўляў з камісарам Сурковым. Ён зь цябе сьмяяўся: «Ведаеш, — кажа, — Смолін, гэты дурань Кусьцін нагаварыў мне на Карнеўскую, што яна працу сабатуе. А чаму ён гэта зрабіў? Бо яна яго адшыла. Трэба будзе яго зьліквідаваць!» Разумееш гэта?.. Я цяпер ад’яжджаю на Ганалулу. Але неўзабаве прыеду і пагутарым яшчэ. Даведаюся, ці ты стрымаў слова. А ці ты разумееш, чаму я цябе сёньня паіў гарэлкай? Бо ты меў рацыю наконт гэтай Лізкі. А ведаеш, чаму мурына зь цябе зрабіў? Якраз таму, што ты меў рацыю, а нягоднікі ніколі не павінны мець рацыі.