Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 101
Сергей Песецкий
— А можа, вы хворы? Можа, падзяжурыць за вас?
— Не, не. Я здаровы як ніколі. Але часам як прыйдзе чалавеку ў галаву штосьці. Я, шчыра кажучы, такі трохі звар’яцелы тэхнік. Мне ўсё хочацца рабіць наадварот. І таму жыцьцё ў мяне такое блытанае. Калі я быў хлопчыкам, мяне вучылі граць на скрыпцы. Бацька прыдумаў сабе, што я павінен стаць вялікім музыкам. І мяне прымушалі граць. Тады я зьненавідзеў скрыпку. Бацька зачыняў мяне ў пакоі і загадваў практыкавацца. А я насуперак яму вырашыў, што ні за што ня вывучуся. Ведаеце, што я рабіў? Я браў скрыпку ў правую руку, а смык у левую, і так пілікаў. Мала таго. Я клаўся на падлогу, ногі закідваў на сьцяну і граў у гэтай паставе. Уласна кажучы, гэта зусім не дарэчы, і ня ведаю, навошта я вам гэта апавядаю. Але няважна.
Калі Карнеўская выйшла, Раман лёг на канапу і пачаў насьвістваць «Інтэрнацыянал». Ён забыўся пра ўсё. Упаў у нейкае здранцьвеньне.
Вечарам пачуўся званок тэлефону. Раман зьняў слухаўку. Пачуў голас мэханіка Банеліна:
— Акумулятарная? Апараты Морзэ стаяць!
— Добра, — адказаў Раман і зноў лёг на канапу.
За некалькі хвілін тэлефон зазваніў зноў.
— Што здарылася? — спытаў Раман.
— Апараты Морзэ стаяць! — крыкнуў Банелін.
— Добра, — адказаў Раман і зноў лёг.
Трэці раз званок:
— Я два разы сказаў, што апараты Морзэ стаяць! — крычаў Банелін.
— Чую трэці раз, што стаяць! — адказаў Раман і павесіў слухаўку.
За пяць хвілін у дзяжурку ўбег Банелін і ўбачыў Рамана на канапе.
— Чаму вы не даяце ток на апараты Морзэ?
— А чаму вы ня кажаце, што току няма?
— Я тры разы гаварыў!
— Вы казалі, што апараты Морзэ стаяць. Я сам ведаю, што стаяць, а не вісяць і ня танчаць. Трэба па-расейску казаць, а не па-кітайску.
— Як вы да мяне зьвяртаецеся! Вы ведаеце, хто я?
— Ведаю. Звычайны ідыёт!
— Як? Што? Я вас правучу! Я пайду да камісара! Заўтра! Зараз жа! Неадкладна!
— Добра, добра. Заўтра пойдзеш да камісара, а цяпер валі адсюль! Я адказваю за акумулятарную і не дазваляю сюды заходзіць. Пайшоў прэч!
Банелін выскачыў з акумулятарнай, з грукатам зачыніўшы дзьверы. З калідору ён яшчэ крычаў:
— Я цябе правучу! Я табе, смаркач, пакажу! Гэта апошняе тваё дзяжурства.
Раман даў ток на апараты Морзэ і сеў за столікам. Ён паглядзеў на гадзіньнік. Была дзявятая гадзіна. Ён запаліў усе лямпы, зачыніў дзьверы і пайшоў наверх. На сходах разьмінуўся з Кусьціным. Раптам спыніўся.
— Пачакай, Шура.
Кусьцін спыніўся. Неахвотна зірнуў на Рамана.
— Я сапраўды хачу ў цябе папрасіць прабачэньня, — сказаў Раман. — Бо, бачыш, наконт гэтай Лізкі ты меў рацыю. Разумееш? А я так подла з табой абышоўся.
Кусьцін спачатку глядзеў на яго зьдзіўленымі вачыма, а потым усьміхнуўся.
— Ну што ж, я ўжо не злуюся.
— Вельмі добра, — сказаў Раман. — Заўтра я гэта ж скажу камісару. А цяпер хадзем да мяне і вып’ем за нашую згоду. Сорамна мне, што мы, калегі, так пабіліся праз бабу.
— Слушна. Сьмярдзючая сьцерва.
— Менавіта. Вельмі разумна ты гэта сказаў. Хадзем, вып’ем.
У акумулятарнай Раман дастаў з шафкі бутэльку гарэлкі і наліў сабе паўшклянкі. Зьвярнуўся да Кусьціка: