Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 100
Сергей Песецкий
P. S. Дам табе яшчэ адну параду, хоць і ведаю, што ты яе не паслухаеш: выходзь замуж за Паўлушу. А я буду суцяшацца дзьвюма рэчамі: гульнёй і адной вельмі цікавай формулай, у якой я не змог знайсьці памылкі.
Такі ліст я напісаў Лізцы. Пастараюся як мага хутчэй аддаць яго ёй разам зь дзёньнікам. А цяпер трэба спаць, бо заўтра ў мяне дзяжурства.
VII
АПОШНЯЕ ДЗЯЖУРСТВА
Жыцьцё індывідуума,
узятае наагул, мае характар трагедыі,
у сваіх дэталях яно — камэдыя.
Артур Шапэнгаўэр
1
— Што гэта вы такі вясёлы? — спытала Рамана Карнеўская.
— Прачытаў нядаўна адну кніжку і ўвесь час яе ўспамінаю.
— Такая вясёлая?
— Страшэнна вясёлая!
— Дайце мне пачытаць.
— Баюся, што вы засьмеяцеся да сьмерці. Зрэшты, яна чужая. Сёньня трэба яе вярнуць.
— А як яна называецца?
— «Сад пакутаў».
— Абавязкова пастараюся прачытаць.
Карнеўская чысьціла акумулятары.
— Кіньце вы гэта. Ужо дванаццатая.
— Трэба скончыць.
— Ня варта было пачынаць.
— Чаму? Камусьці ж гэта трэба зрабіць.
— Навошта? Хай самі працуюць, нягоднікі, пакуль не сапсуюцца. Цяпер век электрычнасьці, трактараў, матораў. Чалавек нават міргаць не павінен! А такая прыгожая дзяўчына сваімі цудоўнымі ручкамі кешкаецца ў агіднай кіслаце. Бальшавікі павінны выдаць дэкрэт: «Жанчыны — аздоба жыцьця! Яны павінны толькі адпачываць і зіхацець». Для працы хопіць мужчын. Толькі трэба старанна працаваць. Ня доўга, але сумленна і разумна. Так трэба зрабіць. А ў нас камісары далі жанчыне роўныя правы з мужчынам, але толькі ў працы. Пазаганялі іх на фабрыкі, у шахты, на цяжкія працы. Кіньце гэта, чорт зь імі, бо мне сапраўды прыкра.
— Дзіўны вы сёньня, — сказала Карнеўская.
Аднак працу кінула і пайшла мыць рукі.
Калі Карнеўская зьбіралася сыходзіць, Раман зьвярнуўся да яе:
— Пані Зіна, трэба разьвітацца па-сяброўску.
— Што вы кажаце?!
— У мяне такое ўражаньне, што мы больш ня ўбачымся.
— А што здарыцца?
— Ня ведаю. Але мне так здаецца.
Карнеўская, зьдзіўленая, глядзела яму ў твар. Раман паціснуў ёй руку, а пасьля пацалаваў у вусны. Зьбянтэжаная дзяўчына выйшла зь дзяжуркі, але раптам вярнулася.