Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 16

Янка Брыль

— Ян Цівунок!

— Ёсць!

— На, палучай на чай. Онэфатэр Эля! Стэфан Чачотка!..

— Ёсць! Ёсць! — адказвалі выкліканыя. Атрымаўшы «на чай», яны падыходзілі да Казы, якая выдавала хлеб.

Як толькі ўсе расселіся па партах і пачалі жаваць ды сёрбаць, Санька Сурновіч зноў закрычаў:

— Увага!

Тады Данік аберуч дастаў з-пад парты і ўзняў над галавою вялікую вязку нанізаных на шпагат абаранкаў. Яны, здаецца, ажно засвяцілі! Вялікія, салодкія, па пяць грошаў!..

— Ура! Нех жые! — закрычалі дзеці.

— Спісак давай! Чытай, Матэйка, па нашаму спіску! — скамандаваў Данік.

Санька стаў за сталом, дастаў з кішэні складзены лісток са сшытка і пачаў чытаць:

— Янка Цівунок! Біруля Ніна! Хана Партной!..

Для тых, каго ён выклікаў, Данік здымаў са шпагата вялікі, яшчэ духмяны абаранак.

I спіс, і абаранкі закончыліся разам.

— Вунь які! Ты, брат, давай усім!

— Усім не магу! Не хапіла!

I вось тады Чэсік Бэндзіньскі, сын каменданта пастарунка, усхапіўся са сваёй парты і, яшчэ не глынуўшы мамусінай булкі з маслам і сырам, закрычаў:

— Я ведаю! Ведаю ўсё!

— Што ты ведаеш? Што? — падышоў да яго Данік.

— Ну але, што ты ведаеш? — падышоў да яго і Санька.

— Усё ведаю! I скажу!

— Што ты скажаш? Каму?

— Пані Мар’і, каму ж!

— Эх ты, лупаты!

— А ты хамула! Мала вас яшчэ наглушылі!..

— Матэйка, Сівы, — па мордзе яму!..

Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Яны пачулі толькі яе голас:

— Ціха! Што тут у вас! Я кажу — ці-ха!

Крычала яна не адна, — разам з ёю ўвайшоў пан Дулемба, якога хлопцы з пятага класа празвалі Павуком.

— Будзе ціха, халера, ці не?! — крычаў ён, натапырыўшы жоўтыя вусікі.

— Пан дазволіць, пане Каролю, я разбяруся сама, — сказала яму пані Мар’я. — Дзе дзяжурныя? Што гэта ў вас за парадак?

Абраша Цымес і Каза, абое з недаедзенымі абаранкамі і з кубкамі ў руках, толькі хацелі пачаць апраўдвацца, але Чэсік Бэндзіньскі перабіў іх. Ён падышоў да настаўніцы бліжэй і сказаў:

— Я ўсё ведаю! Гэта — камуна!

— Якая камуна? Што ты пляцеш?

— Я не пляту. Я, проша пані, усё адразу разгадаў. Гэты вось, Малец, — ён тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў іх сабраць грошы…

— Няпраўда, — перабіў яго Санька. — Мы не падвучвалі, мы грошай не збіралі…

— Сціхні ты! — крыкнуў Чэсік. Ён хацеў яшчэ нешта крычаць, але настаўніца спыніла яго і звярнулася да Даніка:

— Малец, ты купіў абаранкі?

— Я.

— А дзе ты ўзяў гэтулькі грошай?

— Мама дала.

— А навошта ты гэта зрабіў?

— Пані Мар’я, — умяшаўся Дулемба. — Я думаю, што ён маніць. Ты, дурань, гавары!..

Кіроўнічыха пачырванела і нейкі момант глядзела на Павука.

— Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам, — я прасіла ўжо даць мне святы спакой. Гэта мой клас, і я сама разбяруся… Малец, навошта ты гэта зрабіў?

Данік глядзеў і не моргаў.

— У мяне сёння дзень нараджэння.

— Няпраўда! Ён маніць! — закрычаў Бэндзіньскі.

— А ты адкуль гэта ведаеш, Чэсь? — павярнулася да яго пані Мар’я. — Як можна так гаварыць пра калегу?

— Бо ён не ўсім па абаранку даў, а толькі па нейкім спіску. Вось па гэтаму — у Сурновіча!