Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 18

Янка Брыль

— Харошы мой!.. I чаго ж ты так засаромеўся? Ну, сядзь. Вазьмі вунь крэсла, каля стала.

Данік узяў тое крэсла, паднёс яго да ложка і сеў на краёчку. I гэтак няёмка яму!.. Боты — і выцер жа іх, здаецца! — усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе.

— Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што ты двойку атрымаў?

— Не двойку, — адказаў Сівы. — Тры з мінусам.

— Ха, ха, ха! Ах ты, мой жулік! Хіба ж гэта не тое самае? Ды яшчэ для цябе, — для выдатніка. Чаму ты панну Рузю не слухаеш?

— Яна… Яна толькі крычыць…

— I трэба крычаць на вас. Што, можа, не? Не можна не любіць настаўніцу: яна — другая мама.

— Яна… не…

— А я? — пані Мар’я нахмурыла бровы, а ўсё ж усміхаецца.

Данік узняў вочы і зноў апусціў іх — не вытрымаў.

Яна працягнула руку, як тады, калі ён стаяў на каленях, і ўзяла яго цёплымі пальцамі пад падбародак. Глядзіць у вочы і ўжо неяк сумна ўсміхаецца.

— Ты не злуеш на мяне? — спыталася цішэй. — За тое, калі ты крычаў у акно?.. Ах, Данік, Данік! Падрасцеш — зразумееш мяне, успомніш. Бо я разумею вас вельмі добра…

Яна адняла руку ад яго падбародка, памаўчала трохі, а потым усміхнулася зноў.

— Ну, быў у цябе яшчэ раз дзень нараджэння? Не чырванейся. Ты зманіў, я ведаю. Я правярала, — ты нарадзіўся ў ліпені, а не ў лістападзе. I спісак ваш я не паказала нікому. Хіба, можа, хто-небудзь…

Данік успомніў Павука-Дулембу і Чэсіка. Гэта, мусіць, яна пра іх намякае?..

— Я разумею цябе — ты любіш толькі бедных. I я, Данік, не з багатай сям’і. Вы тут усе не любіце паноў. А я — таксама палячка. I гэта, хлопчык, не адно і тое ж. I ў нас, у Польшчы, усякія людзі ёсць. Ты зразумееш мяне, калі падрасцеш.

Пані Мар’я памаўчала зноў.

— Зірні, вунь там, — паказала яна на этажэрку. — Тую вунь кніжку вазьмі і падай мне. Таўсцейшая, у чырвоным пераплёце. Ну, вось. А цяпер вазьмі вунь там, на століку, ручку і памачы яе ў чарніліцу. Дай мне.

Ён нёс яе, гэтую ручку, асцярожненька, бо здавалася, што чарнільная кропля сарвецца з пяра і капне… Нават і носам баяўся шмаргануць, хоць і трэба было… Ну, аддаў!..

— Дзякуй, Данік.

Пані Мар’я левай рукой трымала перад сабой разгорнутую кнігу, а ў правай — ручку.

— Адгадай, — сказала, зноў нахмурыўшы бровы, — адкуль я ведаю па-беларуску? Не адгадаеш! — усміхнулася здаволена. — Я вучылася ў рускай гімназіі. Яшчэ перад вайной, калі мой бацька працаваў у Расіі настаўнікам. А па-вашаму я навучылася тут. Увечары вучылася сама, а ўдзень вучыла вас. Сяму-таму гэта не падабаецца… Ды нічога… А напішу я тут усё ж такі па-свойму. Ты мне падай прамакатку. Са століка.

Пакуль ён браў прамакатку, а потым стаяў з ёю каля ложка, пані Мар’я напісала нешта ў разгорнутай кнізе, пасля прамакнула напісанае і закрыла кнігу. Ён яшчэ ўсё не ведаў, што гэта і да чаго.