Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 14

Янка Брыль

Што гэта — нехта галосіць? Так, галосіць!

Данік устаў і падышоў да акна. Працёр запацелую шыбу: за гразкай плошчай — цагляны дом пастарунка. На ганку стаіць паліцыянт. I нікога навокал няма, толькі шэрае сумнае неба і гразь…

— А сы-ынок мой, а род-нень-кі!.. — зноў пачулася галашэнне.

Хто ж гэта?.. Данік працёр запацелую шыбу да самага нізу і ўбачыў — на тратуары, трохі правей ад акна, стаяла нейкая цётка.

— Ціха, Ганна, нічога ты не паможаш, — пачуўся голас мужчыны. Яго — не відаць: мусіць, за ганкам стаіць. А цётка не хоча заціхнуць.

— А дзе ж той Бог, а дзе тыя до-брыя людзі?.. А за што ж вы яго катуеце-е?!

— Ціха, дурніца! Ну вось, дачакалася!..

З ганка пастарунка сышоў паліцыянт і ўжо ідзе сюды, абыходзячы лужыны… Данік не вытрымаў: узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны.

— Няхай бяруць! — ужо не плакала, а крычала яна. — Няхай катуюць і мяне! Няхай!..

Дзядзька паказаўся з-за ганка і шмыгануў перад акном па мокрых, гразкіх дошках тратуара.

— Стуй! Чэкай, хаме! — крычыць паліцыянт і сам ужо бяжыць сюды па гразі.

А цётка не ўцякае… У нейкім шэрым бурносе, у лапцях, у хустцы-канаплянцы… і не ўцякае!..

Данік прыўстаў і ўсадзіў у фортачку твар.

— Ідзі, ідзі! — гаворыць цётка. — Ідзі, напіся, крук, і маёй крыві! Бог мілы дасць — захлынешся!.. Ах, Божа мой!..

Данік убачыў толькі, як ён, паліцыянт, замахнуўся… Тады, заплюшчыўшыся ад жаху, малы закрычаў. Толькі адно, толькі самае першае слова:

— Мам-ма!..

І тут яго схапілі пад пахі нечыя дужыя рукі, знялі-сцягнулі з падаконніка на падлогу.

Данік апрытомнеў, убачыў, што гэта яна — кіроўнічыха. Яна стукнула фортачкай, зашчапіла яе, стала спіной да акна, засланіла сабою ўсё… А ён памкнуўся наперад, хацеў ёй крыкнуць нешта такое, пасля чаго яна назаўсёды перастала б для яго быць настаўніцай, а ён — яе вучнем… Ды вось пані Мар’я закрыла аберуч твар, і плечы яе задрыжалі. Данік адступіўся. Крыку за вокнамі ўжо не чуваць… I цішыня пустога класа, і гэтыя малыя белыя рукі, што ўпершыню закрылі мілы калісьці твар настаўніцы, і плечы яе, што дрыжаць, — усё гэтае нібы вярнула яго зноў сюды, на гэтую падлогу перад партамі… Данік спалохаўся, абмяк, адышоўся на сваё месца і стаў на калені.

— Што ты робіш, дзіця маё! Што ты крычыш!

Яна ўжо стаяла за яго спіной. А ён не хацеў нават азірнуцца. «Ідзі ты к чорту! Разам з усімі вамі — к чорту!..» — гаварыў ён без слоў, усімі сіламі сваёй уражанай, як быццам ужо не дзіцячай душы. Але слёзы, гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго вачэй…

— Устань!

Данік унурыў галаву яшчэ ніжэй.

— Устань, Малец, кажу табе!

Яна ўжо гаворыць без слёз. I ён ужо не плача. Слёзы самі паўзуць па шчоках Сівага, а ён ужо калупае пальцамі сухі, шорсткі мох у пазе, а потым нібы адрывае руку ад сцяны і пальцы самі сціскаюцца ў кулак.

— Устань, Данік! — Яна назвала яго так упершыню. — Ну, я прашу цябе — устань…