Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 15

Янка Брыль

Данік устаў. Ён не глядзіць на яе, бо ўжо не можа ўзняць вачэй. Не можа і не хоча. I вось да твару яго дакранаецца цёплая далонь. Пальцы спаўзаюць па шчацэ да падбародка і хочуць знізу прыўзняць хлопцаў твар.

— Не трэба, Данік, злаваць на мяне…

Ды ён не хоча слухаць, не хоча і гэтай рукі. Матнуўшы галавой, ён вызваляе свой падбародак з яе цёплых пальцаў.

— Ну што ж, ідзі дахаты. Толькі ціха. Дай я цябе правяду цераз гэты пакой.

Пяты клас — чуваць Даніку — ужо шуміць за сцяною. Ісці тудою — сапраўды не варта. Данік бярэ з парты торбу і шапку, ідзе следам за кіроўнічыхай. Цераз настаўніцкі пакой яна выпускае яго на ганак. Хлопец не кажа нават таго «до відзэння», якое павінен сказаць. Не можа вымавіць. Ды і не хоча. Спыніўшыся на нейкі момант, ён глядзіць цераз гразкую плошчу туды, дзе на ганку цаглянага дома зноў стаіць той — ненавісны, жахлівы — у цёмна-сінім шынялі…

8

Неяк увечары, дома, калі маці наліла яму паабедаць з дарогі, Данік, нават не сеўшы за стол, сказаў:

— Дай мне адну залатоўку.

— Вось як! — здзівілася мама. — Навошта?

— Трэба.

Назаўтра, у школе, як толькі адзвінеў на вялікую пераменку званок і пані Мар’я выйшла з класа, Санька Сурновіч, якога ўжо называлі Матэйкам, ускочыў на парту і закрычаў:

— Увага, увага! Сёння Малец частуе! Рыхтуйцеся, хто галодны!..

— Я галодны! А я галаднейшы! Давай, Данік! Чым частуеш? — закрычалі хлопцы.

Данік сядзеў за партай і толькі ўсміхаўся.

— Чым я цябе пачастую? Свежым снегам? Што ён выдумаў!

I Сівы штурхануў свайго сябра, Саньку Сурновіча, пад бок: маўчы!..

— Эй, снеданне нясуць! Нех жые!

З пятага класа — адтуль быў выхад на двор — увайшлі дзяжурныя. Рыжы і кучаравы Абраша Цымес, сын каваля Ярухіма, надзьмуўшыся, нёс перад сабою бачок з гарачай кавай. За ім ішла, несучы два накрытыя сурвэткамі кошыкі, Аня Нупрэвіч, па мянушцы Каза, бойкая, крыклівая дзяўчынка з рубцом-разрэзам на верхняй губе.

— Г-гоп! — паставіў на стол бачок Абраша Цымес.

— Чаго напалі? — закрычала Каза на дзяцей. — Не ўсе адразу!..

У школе быў нядаўна заведзены такі парадак, што дзецям выдавалася «бясплатнае падмацаванне». Кубак кавы і лустачка хлеба — заўсёды адно. Дзеці «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх падыходзілі да гэтай справы «з гонарам» — бралі толькі каву і запівалі ёю свае, дамашнія, бутэрброды. Іх пераймалі ў гэтым сынкі і дачушкі багатых яўрэяў. Іншыя дзеці елі звычайна і сваё, і школьнае. Шмат было і такіх, для каго гэты кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. З такіх звычайна кпілі панскія і купецкія дзеці.

Пра гэтыя іх кепікі найбольш балюча і злосна думаў Данік Малец. Ён разумеў ужо і чуў ад старэйшых, што «падмацаванне» гэтае — нікчэмныя крошкі ад тых шматлікіх падаткаў, якія паны здзіраюць з працоўных, — крошкі, кінутыя «на адчэпнае»…

— Ну, Абраша, ты — свой чалавек! Поўны, брат, налівай!

Абраша любіў гэтую справу. З чарпаком у левай руцэ, з лістом паперы ў правай (ён быў ляўша), вясёлы рыжы Цымес чытаў па спіску прозвішчы:

— Бурак Люба!

— Ёсць!

— На, палучай на чай, — і наліваў ёй чарпаком у падстаўлены кубак.