Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 5
Алена Васілевіч
У нас, вядома, не было ніякага каміна. Але калі б нават і быў, то сядзець перад ім у самоце ўсё роўна не знайшлося б каму: бацькі мае былі яшчэ маладыя і жылі заўсёды ў добрай згодзе, не наракаючы на жыццё, якое ў тыя часы вельмі не турбавала людзей непамернымі да яго патрабаваннямі. А пра мяне і казаць не было чаго: у мяне не тое каб сумаваць — пад’есці і то не заўсёды хапала часу.
У нас, праўда, была заўсёды чамусьці вельмі халодная кватэра, і заўсёды, асабліва асеннімі і зімовымі вечарамі, хацелася цеплыні. Магчыма, таму я любіў слухаць той гітарны «камін». Аднак сам я гітары ніколі нават у рукі не браў: патрэбна было мне тое мяшчанскае брыньканне! (Сваім бацькам я паблажліва дараваў іх слабасць…)
Як толькі пасяліліся ў нас, захацелі навучыцца іграць на гітары і Даша з Лідачкаю. У Лідачкі пакуль што далей старога, яшчэ дарэвалюцыйнага «Вальса гімназісткі» справа не ішла.
Мяне заўсёды разбіраў смех з іх гітарнай навукі. Чамусьці ўсе заўсёды пачыналі яе не інакш як з гэтай тупой гімназісткі.
Але няхай ужо лепей будзе гімназістка, чым слёзы, якія не ведаеш, чым суняць. Бо часам, астаўшыся адна, Лідачка і плакала.
* * *
Неяк зімой, у адзін з такіх сумотных вечароў, я ўгаварыў Лідачку пайсці са мною на каток. Спачатку яна адмаўлялася і слухаць не хацела нават, а потым, неяк смешна позіркам змераўшы мяне — доўгага і тонкага, як вудзільна, — раптам пачала рагатаць, пачала паспешліва перад люстрам пераплятаць тоўстую русую касу і — згадзілася:
— Пайшлі!
На вуліцы добра марозіла, і мы не ішлі, а беглі. Я, стараючыся далёка не закідаць свае доўгія ногі, бег паперадзе. А Лідачка, ледзь паспяваючы, за мной. Адзін раз яна спатыкнулася і ледзь не ўпала. I схапілася за мяне. Я ўтрымаў яе і, як мацнейшы, як мужчына, потым ужо ўсю дарогу трымаў за руку. А на катку вучыў яе перш за ўсё ўпэўнена стаяць на каньках і падхопліваў, калі яна, палахлівая і няўмелая, гатова была вось-вось упасці на лёд. I калі яна, з баязлівым смехам, усё ж падала — то, шчаслівы, я паднімаў яе і зноў, як малую дзяўчынку, моцна трымаў за руку, не адпускаючы ад сябе ні на крок.
I як я ганарыўся сабою! Што вось я такі вялікі і дужы, што я мог бы не толькі вадзіць яе за руку, а нават здолеў бы падняць яе на рукі і кружыцца з ёю на руках і выпісваць якія хочаш фігуры пад музыку:
Аднак на гэта ў мяне адвагі не хапала. Ды і невядома было, як бы яшчэ Лідачка паглядзела на гэту маю адвагу. Яшчэ раззлавалася б і больш ніколі не пайшла б са мною. А так — мы ўсю тую зіму хадзілі з Лідачкаю на каток удваіх. I яна ўжо сама мяне звала і чакала, калі я не паспяваў вывучыць урокі ці быў чым-небудзь заняты.
Мама і Даша смяяліся з нас: «Пажэнім Андрэя з Лідачкаю…» Смяялася з імі і Лідачка. А я толькі чырванеў, злаваўся, але ніколі не адмаўляўся.
Мне ў тую зіму неяк вельмі лёгка і незвычайна радасна жылося на свеце. I мама пакінула скардзіцца на мяне. I ў школе я ні з кім ні разу нават не пабіўся, нікога не пакрыўдзіў, слухаў настаўнікаў і вучыўся добра. З устойлівых сераднякоў я раптам вырваўся амаль у выдатнікі і надзейна замацаваўся ў іх непахісным авангардзе… А ўжо што я вырабляў на ўроках фізкультуры, якое «сонца» круціў на турніку, якімі «хрысціўся» гірамі… Ад нараджэння я быў хілым і нязграбным хлапчуком, з вузкімі плячыма і грудзьмі, як у кураняці. А тут мне раптам захацелася стаць дужым і прыгожым! Стаць такім асілкам, пра якога ўвесь горад ведаў бы і гаварыў. I не проста асілкам, які б варочаў бярвенне ці там нейкія мяхі жыта… У марах я бачыў сябе да таго ж яшчэ і рыцарам. Я вельмі яскрава ўяўляў сабе, як позна вечарам вяртаецца з чытальні Лідачка, а на Чортавым мосціку ёй заступае раптам дарогу нейкі п’яны дурань… Ды што там п’яны. П’янага і адным пальцам можна сапхнуць у ваду! Некалькі бандытаў заступілі Лідачцы дарогу… I як яна напалохалася, як кінулася бегчы! Але куды ты ўцячэш ад гэтых жалезных ручышчаў. Лідачка просіць, моліць, плача… А гэтыя бандыты толькі выскаляюцца… Ну добра ж! Вы ў мяне зараз павыскаляецеся? I — р-раз! — маланка ў вачах і брык цераз парэнчы ў ваду! Адзін… I — р-раз! — другі… I — р-раз!.. Каму яшчэ смешна? Табе, гад?.. Атрымлівай! I табе?.. На і табе!.. Усе? Бывайце і ўспамінайце, з кім мелі справу… А Лідачка… Ну, не плач, не плач! Калі я тут — дык чаго ж плакаць?.. Ах вунь што — яна звіхнула нагу, яна зусім не можа ступіць… Ну, бярыся за шыю. Мацней, мацней! Мне не цяжка! Мне зусім не цяжка. Ты ж — як пушынка. Як пярынка ўсё роўна. Ты толькі трымайся мацней, і я цябе вось так данясу да самага нашага дома.