Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 6
Алена Васілевіч
Як цудоўна быць дужым і смелым і высакародным!
…Мама ў тую зіму зусім не скардзілася на мяне. Яна дзівілася толькі.
— Не пазнаю я свайго Андрэя, — гаварыла яна пра мяне Дашы і Лідачцы. — Ці даўно было не прымусіць яго памыць шыю і вушы… А зараз ад люстра не адходзіць… Сяк-так сабрала грошай на чаравікі, дык баюся, што ён парве іх, ваксуючы па дваццаць раз.
А я і сапраўды хацеў быць не толькі дужым, але і прыгожым. Я хацеў падабацца Лідачцы… Хацеў, каб ёй было гэтак жа радасна глядзець мне ў твар, як мне самому — на яе… Ах, які я быў шчаслівы і высакародны ў тых сваіх падлеткавых марах і парываннях!
…Але прыйшла вясна. Пачарнеў, змізарнеў і, нарэшце, узняўся ў неба лёгкім воблачкам наш каток — і разам з гэтым воблачкам быццам адляцела кудысьці ў нябачную далеч і Лідаччына зімовая прыхільнасць да мяне.
Ужо даўно зелянелі надрэчныя лугавіны, ужо адцвіталі сады і буяў у квецені бэз, як аднойчы, схапіўшы па алгебры «дрэнна» (з выдатнікаў цяпер я вельмі імкліва каціўся ўніз па нахіле да той мяжы, за якой, здзекліва выскаляючыся, то паказвалася, то зноў хавалася другагодніцтва), адзінокі і нікому не патрэбны, брыў я па тым самым Чортавым мосціку, з якога некалі зімою, у марах сваіх, нёс я на руках аж да самага нашага дома Лідачку…
I раптам я пачуў смех! Знаёмы смех, якога дома ў нас я, аднак, ніколі не чуў. Дома ён проста гучаў, дома ён быў проста смехам. А тут! Тут ён бруіўся недзе з самай глыбіні грудзей ці, можа, з самага сэрца… Лідачка ішла насустрач мне з прыгожым хлопцам. Я гэта адразу ўбачыў, што ён прыгожы. У яго было ўсё прыгожае: і твар, і валасы, і пастава. I ён курыў!