Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 3
Алена Васілевіч
Не, з уменнем і ведамі мае мамы ўзнімаць пралетарскую культуру не было чаго нават і думаць. А думаць неабходна было. I перш за ўсё, як нам выбрацца з нястачы…
I мама прыдумала: узяць у нашы два невялікія пакойчыкі з кухняй кватарантак-дзяўчат. Памятаю, мама была вельмі рада тым сваім камерцыйным крокам: дзяўчаты, здаецца, ёй так нічога і не плацілі, але іх бацькі (барадатыя вясковыя мужчыны), дамаўляючыся аб плаце, браліся забяспечыць нас на ўсю зіму апалам. А з гэтым у нас і зусім было пагана. Горш нават, чым з хлебам. Бо дзе магла мама, непрактычная гарадская жанчына, узяць тых дроў ці таго торфу. I за што — узяць?
I праўда, тая зіма, калі ў нас жылі Даша з Лідачкаю, запомнілася мне як самая цёплая і самая ўтульная ў маім жыцці зіма.
* * *
Большага непадабенства знайсці было немагчыма — чым Даша і Лідачка!
Даша ў першы ж дзень, як толькі пасялілася ў нас, камандавала мною ўжо як хацела: то збегай прынясі вядро вады, то падай анучу, то перасунь з месца на месца канапу і стол… Яна збіралася мыць падлогу і мелася ў першы ж дзень паставіць дагары нагамі ўсю нашу кватэру. I калі я, па сваёй звычайнай няўклюднасці, не паспяваў вокамгненна выконваць яе загады, Даша тут жа хвастала мяне вузенькім паяском ад свае цеснаватае і караткаватае сукенкі і весела, нібыта ў званок званіла, залівалася смехам. Я гойсаў з хаты на двор, з двара ў хату і таксама рагатаў без дай рады.
А Лідачка — худзенькае, кволае дзяўчо з вялікімі, нібыта чымсьці ці то здзіўленымі, ці то спалоханымі вачыма на хваравітым бледным тварыку, — Лідачка не ведала, з якога боку да чаго прыступіцца, і толькі моўчкі, дзікавата пазірала на ўвесь гэты вэрхал у чужой кватэры.
— Ану, вымятайцеся і лепш не замінайце! — выгнала нас з Лідачкаю на двор, на халадэчу, Даша. I знайшла, вядома, нам работу — вытрасаць палавікі.
Лідачка была на цэлую галаву ніжэй за мяне, хоць між нашым узростам і стаялі чатыры гады розніцы, хоць яна і вучылася ўжо на трэцім курсе педтэхнікума. Рукі ў яе былі такія тоненькія і слабыя, што варта было мне добра страсянуць палавік, і ён тут жа вырываўся з гэтых яе рукцявінак. Наровячы злавіць палавік, Лідачка бязгучна смяялася і няўлоўна зграбным рухам галавы адкідвала русую касу цераз плячо.
— Лепш я сам… — дзіўна, але я не ведаў, як лепш да яе звяртацца: на «вы» ці на «ты», як з Дашаю. З Дашаю з першага кроку ў нас усё было ясна. А тут…
— Не, я таксама… А то мне холадна.
I сапраўды на дварэ было холадна, і, паспяшаўшы хутчэй скончыць вытрасанне, мы з Лідачкай пабеглі ў кватэру. Яна паперадзе — адчыняць дзверы. А я з абярэмкам палавікоў — следам.
— Куды? Куды? — лямантам і выкручанай мокрай анучай спыніла нас у парозе Даша.
I мы з Лідачкай, трасучыся ад смеху, стаялі ў сцюдзёным калідоры пад дзвярыма да таго часу, пакуль чырвоная і задыханая Даша, змахваючы прыліплую да потнага лба цёмную хвалю валасоў, не адчыніла нам дзверы.
— Стойце! А то вы нацягнеце мне бруду!..