Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 7
Алена Васілевіч
Лідачка глядзела на яго. I вачэй у яе такіх — як і смеху — дома таксама ніколі не было. Яна глядзела і бачыла ва ўсім свеце толькі яго аднаго, гэтага прыгожага хлопца. А мяне, калі мы нават параўняліся (і я адвярнуўся да іх спіною), яна ці то не пазнала, ці не звярнула на мяне ўвагі, ці проста не заўважыла.
Дадому яна прыйшла позна. I Даша, чамусьці злуючыся на яе, усяго толькі сказала:
— Ах, як расквітнела!
— I расквітнела! А цябе зайздрасць бярэ? — і сапраўды, зусім не падобная на сябе самую, з выклікам і шчасцем у вачах азвалася Лідачка.
— Ты — дурніца, вось хто ты! — не сцярпела Даша.
— Ну і няхай! Ну і няхай! — заспявала Лідачка і раптам кінулася цалаваць Дашу.
— А ты ведаеш, што ён пра цябе Ларысе казаў? — строга, як маці, спыніла Лідачку Даша.
— Не ведаю і не хачу нічога ведаць! — Лідачка закрыла твар рукамі і засмяялася і заплакала — адразу.
Я сядзеў у другім пакоі. Дзверы былі прыадчыненыя, і я ўсё чуў і бачыў. I мне было бясконца балюча.
* * *
Прыйшла і мінулася вясна. Мінуліся экзамены. Я сяк-так усё ж перапоўз у наступны клас. I нават без пераэкзаменовак. Даша з Лідачкай таксама скончылі свой педтэхнікум і атрымалі дыпломы і накіраванні на работу. Даша дадому паехала першая. Лідачка чамусьці затрымалася на два дні. Даша, развітваючыся з усімі намі, плакала, і смяялася, і патрабавала, каб мы ўсе абавязкова ёй пісалі пісьмы. I сама абяцала пісаць усім.
Лідачка маўчала. Я здагадаўся, што яна хацела пабыць яшчэ, каб пабачыцца з тым сваім прыгожым хлопцам. Яна некуды хадзіла і сумная вярталася назад, а потым зноў хадзіла…
Праводзіў Лідачку на станцыю ехаць дадому адзін я. Яна пакідала наш дом абыякавая, спакойная, ні слёз, ні смеху, як у Дашы. Як быццам тут заставаліся пустыя сцены і не было людзей, якія любілі яе. Так і мама мая сказала потым, калі я вярнуўся са станцыі.
Мы доўга чакалі цягніка. Лідачка, засмучаная і маўклівая, сядзела на прывакзальнай лаўцы і час ад часу ўсё азіралася на тую сцежачку, па якой мы з ёю ішлі на станцыю. Як быццам чакала некага. I вочы яе былі поўныя слёз.
А калі прыйшоў цягнік, яна гэтак жа моўчкі падала мне руку і пайшла да вагона. Я панёс услед яе рэчы. Я так хацеў, каб яна хоць што-небудзь мне сказала. Хоць якое слова. Хоць адно!
Цягнік крануўся, і Лідачка памахала мне рукою.
— Напішы мне пісьмо! — крыкнуў я ў адчаі.
Яна кіўнула галавой.
* * *
Я цэлае лета чакаў яе пісьма.
А калі ўжо страціў усякую надзею, нарэшце прыйшла ад Лідачкі пасылка.
Я ледзь дачакаўся маму, каб ісці разам забраць пасылку на пошце. Я так падганяў маму, што яна абурылася нават:
— Андрэй, я цябе не пазнаю! Нават непрыстойна вось так… Як быццам ты галодны ці паміраеш…
Мама нічога не разумела.
Я думаў, што сэрца маё не вытрывае, пакуль мама збіралася, потым пакуль мы ішлі на пошту, потым вярталіся назад, потым адчынялі скрынку.