Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 8

Алена Васілевіч

Божа, папера, газеты… Няма канца гэтай скамечанай паперы і газетам. I нарэшце — слоік мёду! Празрыстага, залатога.

— Ліпавы мёд… Ну і Лідачка! — сказала мама.

А я ўсё трос-ператрасаў скамечаную паперу. I не мог вымавіць ні слова.

Мама пільна паглядзела на мяне доўгім позіркам і, быццам упершыню ўбачыўшы мяне, адсунула слоік убок.

— Пісьмо Лідачка, напэўна, па пошце паслала, — сказала мама.

Я выбег на вуліцу. На вуліцы свяціла сонца. Я кінуўся ад яго ў сад. У самую гушчыню. Каб нічога не чуць. Каб нікога не бачыць.

Я да вечара плакаў. I з гэтымі слязьмі пакідала мяне назаўсёды маё маленства.

1974