Читать «Горкі ліпавы мёд» онлайн - страница 2

Алена Васілевіч

Даглядаць помнік — фарбаваць зорку, каб не патухала, і несамавітую драўляную агароджу, каб трывала пад дажджамі і халепай, саджаць кветкі вясною — такі быў няпісаны закон для нас, дзяцей і падлеткаў Камсамольскага бульвара. I мы — кожны — хутчэй бы далі адсекчы сабе руку, чым парушылі гэты закон. Ён быў святы.

I школа, у якой я вучыўся, таксама знаходзілася на Камсамольскім бульвары. У тыя гады наша школа звалася Узорнай. Узорных школ у раёне было ўсяго толькі дзве. Наша была Першая Узорная. I таму нельга было прыдумаць лепшага для яе месца, чым Камсамольскі бульвар… Па суседстве з нашай школай, за драўляным плотам, цягнуўся вялізны пляц, на якім штодня гарцаваў і сек лазу эскадрон данскіх казакоў. (У нашым горадзе размяшчалася кавалерыйская часць.) Мы, хлапчукі, на пераменках не злазілі з высачэннага плота… Чырвоныя лампасы, неймаверны палёт каня, калі ён бярэ перашкоду, і, як маланка, занесеная над галавой конніка шабля!

Усе мы тады выхоўваліся на літаратурных і яшчэ жывых прыкладах герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны. I ўсе мы без выключэння, падлеткі, марылі быць толькі такімі ж дужымі і адважнымі, як нашы суседзі данскія казакі. Мы сваю будучыню тады ўяўлялі не інакш як вось у гэтакім толькі пераможным алюры па жыцці.

…Быў слаўны наш горад яшчэ і Летнім садам. Другім па харастве пасля Летняга саду ў Ленінградзе… Каму належала аўтарства такога непахіснага сцвярджэння, ніхто пэўна не сказаў бы. Аднак ніводзін наш гараджанін не сумняваўся: ленінградскі Летні сад на першым месцы, наш — на другім. У цэлай краіне!

(А бачылі той Летні ў Ленінградзе мо якіх некалькі чалавек з нашага горада.)

З вясны і да восені ў Летнім садзе суботнімі і нядзельнымі вечарамі ў блакітнай фанернай ракавіне іграў духавы вайсковы аркестр і прадаваліся білеты на дашчаную танцпляцоўку: на танцы сходзілася моладзь з усяго горада. У Летнім садзе прызначаліся і спатканні ўсіх закаханых.

Зімою там залівалі каток, і катком, вядома, валодалі ўжо мы, падлеткі.

Я тую зіму хадзіў на каток з Лідачкаю.

* * *

Мне ішоў чатырнаццаты год, калі раптоўна, у ад’ездзе ад дому, памёр ад разрыву сэрца (так некалі казалі пра сённяшні інфаркт) мой бацька-каморнік. Мы з мамаю засталіся толькі ўдваіх, засталіся без апоры і амаль без сродкаў да жыцця. Мама кідалася туды, кідалася сюды, але грошай, якія яна зарабляла ў сваім «швейпроме», па часе трыццатых гадоў хапала нам ледзь толькі на хлеб. Праўда, і хлеба ўволю не было, бо і хлеб давалі па картках.

У мае мамы было праклятае буржуазнае мінулае: мой дзед, а мамін бацька, да рэвалюцыі быў уладальнікам магазіна лялек. За гэта цяпер мама і несла пакаранне: яе нікуды не хацелі браць на работу. Яна мела музычную адукацыю і добра валодала французскай мовай. Але каму была патрэбна французская мова ў нашым раённым гарадку? (У той час усе школы вывучалі толькі нямецкую мову.) Або ў каго былі тыя лішнія грошы, каб наймаць яшчэ настаўніцу вучыць дзяцей музыцы? Якая музыка! Пра яе тады і вухам ніхто не вёў. З мяшчанствам і дробнабуржуазнымі перажыткамі вялася вайна. Ці даўно пакінулі выключаць з камсамола дзяўчат за шаўковыя панчохі, а хлопцаў за гальштукі!