Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 8

Віктар Карамазаў

Ён успамiнае:

— Палесьсе ў вачах з маленства: i край, i рай птушыны. Вясна, бывала, пачнецца — аблогi стогнуць ад шолаху ды сьвiсту пёраў. Птушыны мiжкан­тынентальны порт. Усе птушкi, што лятуць праз Палесьсе з поўдня на поў­нач i з поўначы на поўдзень, у нас садзяцца, кормяцца, гняздуюць, ладзяць вясельлi, кiрмашы, а мы, палешукi, з маленства на iх падобныя. Малымi не хадзiлi — лёталi. Рукi i ногi вырасталi доўгiя, моцныя, нiбы ў птушак крылы. Раскiнеш рукi i ляцiш з гары на рэчку, а там — вада, зямля i неба, птушкамi затканыя, i ўжо ты сам у тым выраi птушыным. Такое дзiва!..

I ня дзiва, што, узгадаваны ў царстве птушак, мастак злавiў аднойчы на пэндзаль адну з iх, першую, а за ёю ўзьняў у неба цэлы вырай. Сам ад сябе не чакаў гэткага натхненьня? Магчыма. Але той вырай закружыў на доўгiя гады.

“Крылы I”.

“Крылы II”.

“Крылы III”.

“Крылы IV”.

“Крылы V”.

Чым iх паяднаў мастак? Малюнкам, колерам, iмклiвасьцю палёту? Дзе тое перавясла, што зьвязвае, яднае вырай? Была задума памiрыць зямлю i неба?

— Пiсаў я радасьцю...

А радасьць не яднае? Гармонiя крыла, зямлi i неба — хiба ня вечная крынiца прыгажосьцi, радасьцi? Iх трэба паяднаць яшчэ i з сэнсам, з мэтай? Асаблiва для мастака, якi i прыгажосьць, i радасьць да поўнай волi ня пусьцiць. Не зьняволiць, нi ў якiм разе, але з разумным сэнсам павянчае, выштукуе вянец адмысловы — шлюб вечны.

— Я крылы першыя задумаў белымi...

Вось яно: пiсаў дзіцячай, лiчы — стыхiйнай, радасьцю, i ў той самы час задумаў крылы белымi, сьветлымi ды чыстымi, як сьвятасьць. Нагледзеўшыся ў птушыным царстве на чаек, гусей, буслоў? Ня толькi. Усё белае з маленства — сьвята: печ беленая да Вялiкадня, пагафтаваныя фiраначкi на вокнах, бабулiнымi ды мамiнымi рукамi вытканыя ручнiкi, крылы дзедавага ветрака. Белы ручнiк — шлях беларуса, як млечны ў небе — шлях Бога. А крылы — ручнiкi ў небе. Усё, што ёсьць рэч, мае свой цень, нават крупiнка рэчы. I белае крыло — таксама? Але цень — ня цемень. Ён — колер. Бывае, што чырвоны, як кроў. Дык хай крыжуе белае крыло — чысьцейшым будзе.